2017-10-10 15:29:00

Афіцыйная праграма візіту Папы ў М’янму і Бангладэш


Дзве вялікіх эўхарыстычных цэлебрацыі, сустрэчы з біскупамі, духавенствам і моладдзю, прадстаўнікамі органаў улады, прадугледжаны падчас запланаванага з 26 лістапада па 2 снежня 2017 г. візіту Святога Айца ў М’янму і Бангладэш. Зала Друку Святога Пасаду 10 кастрычніка 2017 г. апублікавала афіцыйную праграму 21-га замежнага падарожжа Францішка.

Самалёт італьянскай авіякампаніі “Alitalia” са Святым Айцом на борце вылеціць з Рыма 26 лістапада ў 21.40 і прыбудзе ў міжнародны аэрапорт Янгона на наступны дзень у 13.30 па мясцовым часе – у 8.00 па рымскім часе. Там адбудзецца цырымонія прывітання.

У аўторак, 28 лістапада, Папа адправіцца самалётам мясцовых авіяліній у сталіцу краіны Найп’іда. Пасля афіцыйнага прывітання, Францішак адправіцца ў Прэзідэнцкі палац на ўрачысты прыём у кіраўніка краіны. Затым ён сустрэнецца з прэм’ерам і міністрам замежных спраў, пасля чаго, у Міжнародным кангрэс-цэнтры, з прадстаўнікамі органаў улады, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычным корпусам. Вечарам Папа вернецца ў Янгон, у сваю часовую рэзідэнцыю ў арцыбіскупскім палацы.

У сераду, 29 лістапада раніцай у Янгоне Пантыфік узначаліць Эўхарыстыю, а ў другой палове дня сустрэнецца з Вярхоўнай радай будысцкіх манахаў, яшчэ праз гадзіну – з біскупамі М’янмы.

У чацвер, 30 лістапада раніцай Францішак узначаліць св. Імшу з удзелам моладзі ў катэдры Янгона, пасля якой адправіцца ў аэрапорт, адкуль вылеціць у сталіцу Бангладэш. 

У Даке Святы Айцец наведае Нацыянальны мемарыял і аддасць даніну памяці Айцу народа, шэйху Маджыбуру Рахману. На вечар запланаваны візіт ветлівасці да Прэзідэнта краіны і сустрэчы з прадстаўнікамі ўрада, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпуса. Усё гэта будзе праходзіць у Прэзідэнцкім палацы.

У пятніцу, 1 снежня Папа ўзначаліць Эўхарыстыю з удзелам вернікаў у адным з паркаў сталіцы, падчас якой удзеліць святарскае пасвячэнне. У той жа дзень у Апостальскай нунцыятуры Францішак прыме прэм’ер-міністра краіны, а затым наведае катэдру і сустрэнецца з мясцовым епіскапатам. Завершыць дзень міжрэлігійная і экуменічная сустрэча ў садзе арцыбіскупскага палаца.

У суботу, 2 снежня Пантыфік наведае з прыватным візітам дом Маці Тэрэзы ў Даке. Затым у Доме Святога Ружанца адбудзецца яго сустрэча з духавенствам, кансэкраванымі асобамі і семінарыстамі. Праз гадзіну Францішак наведае могілкі і парафіяльны касцёл Святога Ружанца. Заключным пунктам візіту стане сустрэча з моладдзю. На вечар запланавана афіцыйнае развітанне ў міжнародным аэрапорце ў Даке.

У Рыме Святога Айца будуць чакаць у той жа дзень у 23.00.








All the contents on this site are copyrighted ©.