cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Пантыфік \ Гаміліі

Францішак: усемагутнасць Бога – у яго міласэрнасці

Пантыфік: усемагутнасць Бога – у яго міласэрнасці - ANSA

10/10/2017 14:20

Усемагутнасць Бога заўсёды выяўляецца ў міласэрнасці, сказаў Папа 10 кастрычніка 2017 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў капліцы Дому св. Марты. У гаміліі ён спаслаўся на фрагмент Кнігі прарока Ёны (3, 1-10) і адзначыў, што тут закранаецца пытанне Божай міласэрнасці, якая адкрывае чалавечыя сэрцы і дапамагае пераадолець чалавечы супраціў.

Францішак падкрэсліў, што Ёна быў упарты, хацеў павучыць Бога, як трэба абысціся з жыхарамі Нінівы, бо калі Бог убачыў іх пакаянне і пашкадаваў іх, прарок прадэманстраваў сваю незадаволенасць. Папа дадаў, што Ёна быў не толькі упартым, але і суровым. 
“Людзі духоўна ўпартыя, фармалісты не разумеюць, што такое Божая міласэрнасць, падобныя да Ёны”, - лічыць Святы Айцец. Яны не жадаюць “пашырыць” сэрца, як гэта робіць для нас Бог. Яны маладушныя, прывязаныя да чыстай справядлівасці, забываюцца аб тым, што Божая справядлівасць уцелавілася ў Сыне Божым, стала міласэрнасцю, прабачэннем, што Божае сэрца заўсёды адкрытае для прабачэння. Пантыфік падкрэсліў, што ўсемагутнасць Бога выяўляецца асаблівым чынам у яго міласэрнасці і прабачэнні. А каб зразумець Божую міласэрнасць, трэба шмат маліцца, таму што яе разуменне – гэта ласка. Мы прывыклі да логікі абмену: “Дай, каб я даў”, у той час як за нас заплаціў Езус Хрыстус, сказаў Францішак.

Пантыфік адзначыў, што Бог мог пакінуць Ёну з яго ўпартасцю і рыгарызмам, але, так засведчыўшы сваю міласэрнасць жыхарам Нінівы, хоча зрабіць тое ж і ў адносінах да Ёны. “Вось пасланне гэтай прароцкай кнігі – дыялог паміж прароцтвам, пакаяннем, міласэрнасцю і маладушшам і ўпартасцю. Але заўсёды перамагае міласэрнасць Бога, Яго ўсемагутнасць, таму што яна выяўляецца ў міласэрнасці”, - сказаў Францішак і параіў вернікам чытаць кароткую, трохстаронкавую Кнігу прарока Ёны, каб зразумець логіку міласэрнасці Бога і падзякаваць Яму за жаданне перамяніць нашае сэрца.


10/10/2017 14:20