2017-10-11 12:06:00

Папа ў сацсетках: 40 млн у “Twitter” і 5 млн у “Instagram”


Дзевяцімоўны акаўнт Пантыфіка ў сацыяльнай сетцы “Twitter” набраў больш за 40 мільёнаў падпішчыкаў. Вынік быў дасягнуты за некалькі тыдняў да пятай гадавіны паўстання @Pontifex па ініцыятыве Бэнэдыкта XVI. Яна будзе адзначацца 12 снежня 2017 г. 

Кожны дзень, праз свае кароткія пасланні, Францішак набліжаецца да людзей у сацыяльных медыя, прапануючы духоўныя думкі, спасылаючыся на прыклад святых, нагадваючы пра падзеі, якія маюць вялікае значэнне для міжнароднай супольнасці, гаворыцца ў спецыяльным паведамленні ватыканскага Сакратарыяту па камунікацыі.

На працягу апошніх 12 месяцаў колькасць падпішчыкаў на папскі акаўнт вырасла больш чым на 9 мільёнаў. Гэта, на думку ватыканскіх экспертаў, дэманструе пастаянную ўвагу людзей – хрысціянаў і не, палітычных лідэраў, прадстаўнікоў культуры – да думкі Святога Айца. 

У сваім першым пасланні на Сусветны дзень сродкаў масавай камунікацыі ў 2014 г. Францішак пацвердзіў, што лічбавая сетка можа быць месцам багатым гуманізмам, сеткай не правадоў, а людзей. Дзякуючы гэтаму, на думку Папы, хрысціянскае сведчанне можа дасягаць экзістэнцыяльнай перыферыі.

Сакратарыят таксама паведаміў, што таксама профіль Францішка ў “Instagram” хутка набярэ 5 мільёнаў падпішчыкаў. Акаўнт @Franciscus быў адкрыты 19 сакавіка 2015 г. Характэрна, што самай актыўнай узроставай катэгорыяй тут з’яўляецца моладзь ад 25 да 34 гадоў, а самымі актыўнымі краінамі – Бразілія і Злучаныя Штаты.

Вядзеннем папскіх акаўнтаў у сацыяльных сетках займаецца Сакратарыят па камунікацыі, у супрацоўніцтве з Дзяржаўным сакратарыятам Яго Святасці.








All the contents on this site are copyrighted ©.