cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Пантыфік \ Аўдыенцыі і "Анёл Панскі"

Святы Айцец: глядзець на гісторыю з даверам і надзеяй

Святы Айцец: глядзець на гісторыю з даверам і надзеяй - ANSA

11/10/2017 12:25

Пільнае чаканне – гэта важнае вымярэнне хрысціянскай надзеі, падкрэсліў папа Францішак 11 кастрычніка 2017 г. падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане. У сваёй катэхезе ён заклікаў вернікаў быць дзейснымі і гатовымі ахвяраваць уласным спакоем дзеля вырашэння праблем іншых людзей.

“Евангелле раіць нам быць слугамі, якія ніколі не кладуцца спаць, пакуль іх гаспадар не вярнуўся. Гэты свет патрабуе нашай адказнасці, і мы прымаем яе поўнасцю і з любоўю. Езус жадае, каб наша жыццё было працавітым, каб мы заўсёды былі пільнымі, каб з удзячнасцю і захапленнем прымалі кожны новы дзень, падораны нам Богам. Кожная раніца – гэта чыстая старонка, якую хрысціянін пачынае пісаць добрымі ўчынкамі”, - сказаў Папа.

Святы Айцец нагадаў, што хрысціяне ўжо адкуплены Езусам, а зараз чакаюць поўнага аб’яўлення Яго Валадарства. Таму важна чуваць, каб быць гатовымі прыняць збаўленне, каб быць гатовымі сустрэцца з Ім праз ўмацоўванне ў цярплівасці.

“Ёсць людзі, якія праз настойліваць у сваёй любові становяцца як студні, што арашаюць пустыню. Нічога не здзяйсняецца надарэмна і ніводная сітуацыя, у якую заглыбляецца хрысціянін, не можа ўстаяць перад любоўю. Ніводная ноч не з’яўляецца настолькі доўгай, каб забыцца аб радасці світанку. Чым яна цямнейшая, тым бліжэйшы світанак. Калі застанемся з’яднанымі з Езусам, холад складаных момантаў нас не паралізуе, і нават калі ўвесь свет будзе выступаць супраць надзеі, калі вырашыць, што будучыня прынясе толькі цёмныя хмары, хрысціянін ведае, што ў той жа самай будучыні адбудзецца вяртанне Хрыста. Ніхто не ведае, калі гэта будзе, але думкі пра тое, што напрыканцы нашай гісторыі ёсць Міласэрны Езус, дастаткова, каб мець давер і не праклінаць жыццё”, - лічыць Папа.

Францішак заклікаў з надзеяй глядзець у будучыню, якая з’яўляецца не столькі плёнам рук чалавечых, колькі клопатам Божага Провіду.

“Пасля таго, як пазналі Езуса, мы не можам рабіць інакш, чым глядзець на гісторыю з даверам і надзеяй. Езус – як дом, а мы знаходзімся ўнутры і праз вокны гэтага дома глядзім на свет. Але мы не закрываемся ў саміх сабе, не аплакваем з меланхоліяй мінулае, якое лічым залатым, але заўсёды глядзім наперад, у будучыню, якая з’яўляецца не толькі плёнам нашых рук, а, перш за ўсё, пастаянным клопатам Божага Провіду. Усё, што цмянае, аднойчы стане святлом”, - сказаў Папа.

Святы Айцец нагадаў, што Божая воля ў адносінах да людзей з’яўляецца добра вызначанай задумай збаўлення. Таму нельга глядзець на жыццёвыя сітуацыі з песімізмам, нібыта гісторыя гэта цягнік, што згубіў кантроль. “Роспач – гэта не хрысціянская цнота, як і не па-хрысціянску паціскаць плячыма ці схіляць галаву перад лёсам, што здаецца непазбежным”, - сказаў Пантыфік.

“Кожны дзень нашага жыцця будзем паўтараць вокліч, які першыя вучні на сваёй арамейскай мове выражалі словамі “Marana tha”, і які знаходзім у апошніх радках Бібліі: “Прыйдзі, Пане Езу”. Гэта лейтматыў кожнага хрысціянскага жыцця: у нашым свеце мы не патрабуем нічога іншага, акрамя пяшчоты Хрыста. Якая ласка, калі ў малітве, у цяжкія дні нашага жыцця, пачуем Яго голас, што адказвае і запэўнівае: “І вось прыйду неўзабаве”, - падкрэсліў Францішак.

Пасля сваёй катэхезы Папа прывітаў прысутных на плошчы св. Пятра вернікаў, сярод якіх былі ўдзельнікі спецыяльнага пасяджэння кіраўнікоў Усходніх Каталіцкіх Касцёлаў, прысвечанага 100-годдзю Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў і 25-годдзю Кодэкса Канонаў Усходніх Цэркваў.


11/10/2017 12:25