2017-10-12 11:43:00

Пантыфік: смяротнае пакаранне – нечалавечая мера


Ахоўваць спадчыну веры і праўды, атрыманую ад Айцоў, і працягваць апостальскую дзейнасць з радасцю і міласэрнасцю, ідучы новымі шляхамі, заклікаў Францішак 11 кастрычніка 2017 г. падчас урачыстай сустрэчы, якая прайшла ў Ватыкане з нагоды 25-годдзе падпісання Янам Паўлам ІІ Апостальскай канстытуцыі “Fidei depositum”, якая суправаджала выпуск Катэхізіса Каталіцкага Касцёла.

Звяртаючыся да сабраных на мерапрыемстве кардыналаў, біскупаў, дыпламатаў, тэолагаў, экспертаў па катэхізацыі, святароў, кансэкраваных асоб і семінарыстаў, Пантыфік заўважыў, што сёння недастаткова знайсці новую мову, каб казаць аб вечнай веры, але трэба “выказаць тое новае ў Хрыстовым Евангеллі, што, хоць і заключана ў Божым слове, яшчэ не выйшла на свет”.

Па словах Святога Айца, “уся сутнасць дактрыны і вучэння” павінна быць скіравана да бясконцай любові Бога. Заўсёды і ва ўсім павінна выяўляцца любоў Пана. У гэтым кантэксце ён пажадаў, каб у Катэхізісе Каталіцкага Касцёла належнае і адпаведнае месца заняла тэма смяротнага пакарання. “Трэба з рашучасцю сцвердзіць, што асуджэнне на смяротнае пакаранне – гэта нечалавечая мера, якая прыніжае, у пэўным сэнсе пераследуе чалавечую годнасць. Само па сабе яно супрацьлеглае Евангеллю, таму што рашэнне спыніць чалавечае жыццё, заўсёды святое ў вачах Творцы, апошнім і сапраўдным суддзёй і гарантам якога з’яўляецца толькі Бог, прымаецца свядома”, - сказаў Папа.

Пантыфік пажадаў, каб у ніводнага чалавека, нават забойцы, не забіралася яго годнасць, таму што Бог – гэта Айцец, Які заўсёды чакае вяртання свайго сына, які, ведаючы, што ўчыніў памылку, просіць прабачэння і пачынае новае жыццё. “Ніхто, такім чынам, не можа быць пазбаўлены не толькі жыцця, але і магчымасці маральнага і экзістэнцыяльнага адкуплення”, - падкрэсліў ён.

Папа прызнаў, што ў мінулым зварот да гэтай “крайняй і нечалавечай меры” быў падыктаваны адсутнасцю “грамадскай сталасці і інструментаў абароны”. Так адбывалася і ў Папскай дзяржаве, пагарджаючы першаснасцю міласэрнасці над справядлівасцю, сказаў Францішак.

“Прымем на сябе адказнасць за мінулае і прызнаем, што гэтыя сродкі дыктаваліся больш легалістычным, чым хрысціянскім мысленнем. Клопат аб захаванні непарушнасці ўлады і матэрыяльных багаццяў прывёў да пераацэнкі каштоўнасці закона, перашкаджаючы пранікаць глыбей у разуменні Евангелля. У той час, быццё нейтральнымі перад новымі патрабаваннямі ў абароне асабістай годнасці сёння зробіць нас яшчэ больш вінаватымі”, - лічыць Пантыфік. 

Святы Айцец адзначыў, што тут няма супярэчнасці з мінулым вучэннем Касцёла, бо Касцёл заўсёды бараніў чалавечае жыццё ад пачатку да натуральнай смерці, аднак, менавіта “гарманічнае развіццё дактрыны” патрабуе “пакінуць аргументы, якія здаюцца безумоўна супрацьлеглымі новаму разуменню рэчаіснасці”. На заканчэнне сваёй доўгай прамовы Францішак падкрэсліў, што “скарб веры” не з’яўляецца нечым “статычным”, а Святы Дух працягвае прамаўляць да Касцёла, які павінен уважліва Яго слухаць. 








All the contents on this site are copyrighted ©.