2017-10-12 13:19:00

Папа да вернікаў Усходніх Цэркваў пра “мужнасць веры”


Да трывалай малітвы заклікаў католікаў усходніх абрадаў Святы Айцец 12 красавіка 2017 г. падчас Эўхарыстыі ў базыліцы Санта-Марыя-Маджорэ, прымеркаванай да 100-годдзя Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў. Перад гэтым ён наведаў размешчаны непадалёк Папскі ўсходні інстытут, які таксама святкуе свой векавы юбілей.

Францішак спаслаўся на ўрывак Евангелля св. Лукі (11, 5-13), дзе Езус вучыць апосталаў, як трэба маліцца, і падкрэсліў, што для размовы з Богам неабходна “мужнасць веры”: “трэба верыць, што Пан слухае нас, і мець мужнасць, каб пастукаць у дзверы”. “Прасіце, і будзе дадзена вам; шукайце, і знойдзеце; стукайце, і адчыняць вам”, - так кажа Хрыстус.

“Але ці сапраўды наша малітва з’яўляецца такой? Ці сапраўды завалодвае намі, уключае нашыя сэрцы і наша жыццё? Ці ўмеем мы стукаць у сэрца Бога?” (Лк 11, 10), - задаўся пытаннямі Папа ў сваёй гаміліі. 

Сапраўдным дарам, які Бог дае нам у малітве, з’яўляецца Святы Дух, падкрэсліў Францішак. Аб гэтым ясна кажа Езус: “Калі ж вы, будучы злымі, умееце даваць добрыя дары дзецям вашым, тым больш Айцец Нябесны дасць Духа Святога тым, хто папросіць у Яго” (Лк 11, 11-13). Менавіта Святы Дух з’яўляецца гэтым Божым “больш”.

“Браты і сёстры, будзем вучыцца стукаць у сэрца Бога! Будзем вучыцца рабіць гэта мужна. Няхай гэтая адважная малітва натхняе і ажыўляе ваша служэнне ў Касцёле”, - пажадаў Пантыфік сабраным на літургіі вернікам Усходніх Каталіцкіх Цэркваў.








All the contents on this site are copyrighted ©.