cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Пантыфік \ Дакументы і звароты

Папа скіраваў пасланне на ўрачыстасці ў Апарэсідзе

Пантыфік скіраваў пасланне на ўрачыстасці ў Апарэсідзе - AFP

12/10/2017 15:51

“Надзея – гэта цнота, якая павінна пранізваць сэрцы вернікаў, асабліва, калі сумныя сітуацыі, што існуюць навокал, здаецца, жадаюць нас прыгнесці”, - падкрэсліў папа Францішак у відэапасланні з нагоды 300-годдзя адшукання цудадзенай статуэткі Панны Марыі, што захоўваецца ў бразільскім марыйным санктурыі ў Апарэсідзе. Урачыстасці тут праходзяць 10-12 кастрычніка 2017 г. 

Па словах Пантыфіка, санктуарый у Апарэсідзе вучыць “захоўваць надзею, дазваляць Богу здзіўляць нас і жыць з радасцю”. “Не дазвольце роспачы перамагчы вас! Майце давер да Бога, майце давер да заступніцтва Нашай Маці з Апарэсіды”, - заклікаў ён.

На яго думку, у санктуарыі, і ў кожным сэрцы, якое мае пашану да Марыі, “мы можам дакрануцца да надзеі, якая канкрэтызуецца ў досведзе духоўнасці, шчодрасці, салідарнасці, вытрываласці, братэрстве, радасці – каштоўнасцях, якія, у сваю чаргу, маюць свае самыя глыбокія карані ў хрысціянскай веры”.

Папа пажадаў, каб юбілей навучыў вернікаў быць па-сапраўднаму радаснымі і ўдзячнымі, а “ўсмешка Марыі, якую можна разглядзець на яе выяве, была крыніцай усмешкі” перад абліччам жыццёвых цяжкасцяў для ўсіх людзей. “Хрысціянін ніколі не можа быць песімістам!”, - сказаў ён.

“Кожны раз, калі супрацоўнічаем у абвяшчэнні Евангелля, нават простым і незаўважным чынам, становімся, як Марыя, сапраўднымі вучнямі і місіянерамі. Сёння Бразілія мае патрэбу ў людзях, напоўненых надзеяй і моцных верай, каб былі сведкамі таго факту, што любоў, якая выяўляецца ў салідарнасці і дзяленні, мацнешая і святлейшая за цемру эгаізму і карупцыі”, - дадаў Святы Айцец. 

Маці Божая з Апарэсіды з’яўляецца апякункай Бразіліі. Яе невялікая статуэтка была знойдзена ў 1717 г. трыма маракамі ў рацэ Параіба-ду-Сул. Аднойчы пасля доўгай і безвыніковай рыбнай лоўлі, яны закінулі свае сеткі ў ваду і выцягнулі адтуль разбітую на дзве часткі і пачарнелую ад часу фігурку Найсвяцейшай Панны. Пазней яна стала найбольш шанаванай бразільскімі вернікамі скульптурнай выявай Маці Божай. 

Урачыстасці ў Апарэсідзе, размешчанай у штаце Сан-Паўлу, штогадова збіраюць каля 8 млн. пілігрымаў. Францішак маліўся ў гэтым месцы ў 2013 г. падчас свайго візіту ў Бразілію з нагоды Сусветных дзён моладзі. Св. Ян Павел ІІ быў тут у 1980 г., а Бэнэдыкт XVI – у 2007 г.


12/10/2017 15:51