cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Пантыфік \ Сустрэчы і падзеі

Пантыфік: спорт – нагода для сустрэчы і надзеі

Пантыфік: спорт – нагода для сустрэчы і надзеі

13/10/2017 13:42

Спорт – гэта адна з універсальных моваў, якая вышэй за культурныя, сацыяльныя, рэлігійныя і фізічныя адметнасці і можа аб’ядноўваць людзей, робячы іх удзельнікамі адной і той жа гульні, лічыць папа Францішак. Аб гэтым ён сказаў 13 кастрычніка 2017 г. падчас аўдыенцыі для ўдзельнікаў міжнароднага футбольнага турніру, які пройдзе ў Рыме пад эгідай арганізацыі Спецыяльная Алімпіяда (Special Olympics International), што праводзіць спартыўныя мерапрыемствы для дзяцей і дарослых з парушэннямі інтэлекту.

“Вы з’яўляецеся сімвалам спорту, які адкрывае вочы і сэрцы на каштоўнасць і годнасць асобаў, якія, у адваротным выпадку, былі б аб’ектам прадузятасці і адчужэння”, - падкрэсліў Папа і назваў турнір нагодай, каб нанова пацвердзіць важнасць здольнасці спорту аб’ядноўваць людзей. “Не стамляйцеся дэманстраваць спартыўнаму свету вашы сумесныя намаганні на карысць будавання больш братэрскіх грамадстваў, у якіх асобы могуць расці, развівацца і цалкам рэалізоўваць уласныя здольнасці”, - заклікаў Святы Айцец.

Пантыфік запэўніў, што Каталіцкі Касцёл заўсёды гатовы падтрымліваць спартыўныя ініцыятывы, якія садзейнічаюць дабру асобных людзей і цэлых супольнасцей. “У спорце заўсёды ёсць гісторыі аб людзях, якія дзякуючы яму, выйшлі з стану маргіналізаванасці і беднасці, ран і няшчасцяў. Гэтыя гісторыі паказваюць нам, як мэтанакіраванасць і характар адных людзей, могуць служыць натхненнем і падтрымкай для многіх іншых”, - выказаў упэўненасць Францішак.

Міжнародны футбольны турнір, арганізаваны Спецыяльнай Алімпіядай, пройдзе 13-15 кастрычніка 2017 г. У яго рамках пройдуць матчы, у якіх асобы з парушэннямі інтэлекту будуць гуляць у адных камандах з людзьмі без такіх парушэнняў. У спаборніцтваў прымуць удзел спартсмены з 9 краін: Францыі, Літвы, Польшчы, Венгрыі, Іспаніі, Партугаліі, Бельніі, Румыніі і Італіі.


13/10/2017 13:42