cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Пантыфік \ Сустрэчы і падзеі

Папа падзякаваў за гасцінны прыём у Шры-Ланцы

Святы Айцец падзякаваў за гасцінны прыём у Шры-Ланцы

13/10/2017 13:04

Францішак прыняў на аўдыенцыі членаў арганізацыйнага камітэта яго Апостальскага падарожжа ў Шры-Ланку, якое праходзіла ў студзені 2015 г. Сустрэча адбылася 13 кастрычніка 2017 г. у Зале Кансісторыяў ватыканскага Апостальскага палацу. У ёй прынялі ўдзел каля 50 чалавек.

“Хоць бы я хацеў, каб нашы госці адчувалі сябе як дома, але не магу параўнацца з тымі сарака сланамі, якія віталі мяне па дарозе з аэрапорту да цэнтра Каломба”, - сказаў Святы Айцец звяртаючыся да шры-ланкскіх вернікаў.

Пантыфік нагадаў, што візіт стаў для яго асаблівай ласкай, у час, калі краіна, пасля гадоў канфліктаў і пакут, імкнецца да паяднання і зажыўлення ран мінулага. Ён падзяліўся глыбокім уражаннем ад прысутнасці вялікай колькасці людзей, што віталі яго па дарозе ў сталіцу Шры-Ланкі, падчас ўрачыстай св. Імшы, а таксама ў санктуарыі Маці Божай Ружанцовай у Маду.

Святы Айцец падзякаваў за працу, якая была зроблена дзеля таго, каб яго падарожжа было плённым. “Ваша сённяшняя прысутнасць прынесла ў наш дом частку атмасферы Шры-Ланкі і нагадала пра шматлікія Божыя ласкі, якія мы ўсе атрымалі ў вашай краіне”, - сказаў ён.

Апостальскае падарожжа Францішка ў Шры-Ланку праходзіла 11-15 студзеня 2015 г. Тут Папа сустрэўся з мясцовым епіскапатам, палітычнымі ўладамі, прадстаўнікамі будыскай, індуіскай, мусульманскай і розных хрысціянскіх супольнасцяў. Францішак узначаліў Эўхарыстыю падчас якой кананізаваў місіянера Джозэфа Ваза, а таксама наведаў мясцовы марыйны санктуарый.

Візіт насіў душпастырскі характар і праходзіў праз шэсць гадоў пасля заканчэння грамадзянскага канфлікту паміж таміламі і сінгаламі, што працягваўся з 1983 па 2009 гг.


13/10/2017 13:04