cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Пантыфік \ Гаміліі

Францішак: пільнаваць, каб не паддацца марнасці

Францішак: пільнаваць, каб не паддацца марнасці

13/10/2017 12:19

Быць пільнымі, каб не паддацца марнасці, заклікаў Францішак 13 кастрычніка 2017 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. Святы Айцец нагадаў вернікам пра важнасць рэгулярнага рахунку сумлення, малітвы і ўчынкаў міласэрнасці, якія бароняць ад спакусаў д’ябла.

У гаміліі Папа спаслаўся на літургічны евангельскі ўрывак (Лк 11,15-26), у якім Езус заклікае быць пільнымі да дзейнасці дэманаў. “Калі нячысты дух выйдзе з чалавека, то ходзіць па бязводных мясцінах, каб знайсці адпачынак, і, не знаходзячы, кажа: Вярнуся да свайго дому, адкуль выйшаў. І, прыйшоўшы, знаходзіць яго вымеценым і прыбраным. Тады ідзе і бярэ з сабою яшчэ сем духаў, больш злых за яго, і, увайшоўшы, жывуць там. І апошні стан гэтага чалавека становіцца горшым за папярэдні”, - нагадаў Францішак евангельскія словы.

Такім чынам, злыя духі пачынаюць станавіцца часткай жыцця. “Нават са сваімі ідэямі і натхненнямі дапамагаюць гэтаму чалавеку жыць лепш... і ўваходзяць у жыццё чалавека, уваходзяць у яго сэрца і знутры пачынаюць змяняць чалавека, але павольна, без шума. Такі спосаб адрозніваецца ад д’ябальскай апантаннасці, якая моцная. Гэта, аднак, “вытанчанная” д’ябальская апантаннасць, можна так сказаць. Гэта тое, што д’ябал павольна робіць у нашым жыцці, каб змяніць крытэрыі, каб весці нас да марнасці. Ён хаваецца ў нашых спосабах дзеяння, і мы з цяжкасцю гэта разумеем. Такім чынам гэты чалавек, вызвалены ад дэмана, становіцца кепскім чалавекам, прыгнечаным марнасцю. Менавіта гэтага хоча д’ябал: марнасці”, - сказаў Папа.

З іншага боку марнасць, гэта крок у напрамку “апантаннасці” д’яблам, дадаў Пантыфік. Д’ябал “лагодна, прыстойна ўваходзіць і пачанае панаваць над нашымі паводзінамі”. Так нашы каштоўнасці, замест таго, каб служыць Богу, пачынаюць служыць марнасці. Такім чынам мы становімся “цёплымі” хрысціянамі, марнымі, “мяшанкай” паміж “духам гэтага свету і духам Божым”, што аддаляе ад Пана.

Каб не паддацца гэтаму трэба чуваць. “Чуваць азначае разумець, што адбываецца ў маім сэрцы, азначае затрымацца на хвіліну і прааналізаваць сваё жыццё. Ці з’яўляюся хрысціянінам? Ці выхоўваю маіх дзяцей больш-менш добра? Ці маё жыццё з’яўляецца хрысціянскім, або марным? Як магу гэта зразумець? Пра гэта нам кажа св. Павел: гледзячы на ўкрыжаванага Хрыста. Марнасць бачная толькі там, дзе ёсць крыж Пана, і знішчаецца крыжам Пана. Менавіта гэтаму служыць крыж, што стаіць паміж намі. Ён не проста аздабленне. Ён выбаўляе нас ад тых чараў, спакусаў, што вядуць да марнасці”, - сцвердзіў Святы Айцец.

Напрыканцы гаміліі Папа заклікаў вернікаў часцей глядзець на ўкрыжаванага Хрыста, разважаць над Крыжовым шляхам Пана, каб разумець кошт збаўлення не толькі ад грахоў, але таксама ад марнасці, а таксама рэгулярна рабіць рахунак сумлення, маліцца і здзесняць учынкі міласэрнасці, выходзячы з зоны ўласнага камфорту.


13/10/2017 12:19