2017-10-14 12:26:00

Кардынал: масавая прысутнасць мусульман – шанец для хрысціян


Масавая прысутнасць сярод нас мусульман можа стаць правідчай, таму што гэты факт прымушае нас быць больш празрыстымі і не баяцца паказаць, што з’яўляемся хрысціянамі, і сведчыць аб нашай веры. Такую думку выказаў старшыня Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу, кардынал Жан-Луі Таран, падчас інаўгурацыі новага навучальнага года ў Тэалагічным інстытуце ў Асізі.

Большую частку прамовы, якую цытуе “L’Osservatore Romano”, французскі іерарх прысвяціў адносінам з ісламам. Ён, у прыватнасці, выказаў шкадаванне, што фундаменталізм і тэрарызм “памылкова прыраўноўваюць” да рэлігіі. “Вядома, гэта не сапраўдны іслам, не той, які практыкуецца пераважнай большасцю паслядоўнікаў гэтай рэлігіі”, адзначыў іерарх.

Ён адзначыў, што, паколькі рэлігія можа служыць святасці але і адчужэнню, можа абвяшчаць мір, але і вайну, узнікае пытанне: міжрэлігійны дыялог нясе рызыку ці шанец. Кардынал запэўніў, што дыялог з іншымі не мае на мэце стварэння “ўніверсальнай рэлігіі або пашуку мінімальнага агульнага назоўніка” ў галіне рэлігіі. Асноўнай умовай тут з’яўляецца яснасць: “кожны вернік павінен усведамляць сваю ўласную духоўную ідэнтычнасць”, што абароніць “ад пагрозы рэлятывізму”. Дыялог з іншымі рэлігіямі, сказаў кардынал Таран, “з’яўляецца правідчай магчымасцю паглыбіць сваю веру праз адпаведную катэхезу, а таксама даведацца аб рэлігіі іншых”.

У рэшце рэшт, старшыня Папскай рады сказаў, што цяжкасці, якія ўзнікаюць у дыялогу з мусульманамі, “з’яўляюцца вынікам невуцтва з абодвух бакоў, а невуцтва спараджае страх”.








All the contents on this site are copyrighted ©.