2017-10-14 13:40:00

Францішак прыняў паслядоўнікаў св. Вінцэнта дэ Поля


14 кастрычніка 2017 г. Францішак звярнуўся да 11-тысячнай групы ўдзельнікаў аб’яднання “Вінцэнційская сям’я”, якія сабраліся на плошчы св. Пятра ў Ватыкане ў заключны дзень працы трохдзённага Міжнароднага сімпозіума з нагоды 400-годдзя харызмату служэння бедным па прыкладзе св. Вінцэнта дэ Поля.

Папа заахвоціў паслядоўнікаў французскага святога працягваць яго дабрачынную справу, галоўным чынам, праз сузіранне, прыняцце бліжняга і дынамізм.

Св. Вінцэнт дэ Поль вельмі часта заклікаў да малітвы, якую называў “вялікай кнігай прапаведніка”, бо толькі праз яе можна чэрпаць Божую любоў, каб потым дарыць яе свету, адзначыў Пантыфік. Малітва – гэта не толькі абавязак і, тым больш, не набор формул. Маліцца, значыць спыніцца перад Богам, каб быць з Ім, каб прысвяціць Яму сябе. “Самая чыстая малітва – тая, якая пакідае месца для Бога і для пакланення Яму, і больш нічога – адарацыя”, – такі, на думку Папы, першы прынцып да наследавання, каб жыць у духу св. Вінцэнта дэ Поля.

Прыклад святога дазваляе спасцігнуць дух еднасці і інклюзіўнасці, працягнуў Францішак. Прыняцце трэба разумець глыбей, чым простае дзеянне. “Прымаць, значыць перагледзець уласнае “я”, выправіць спосаб мыслення, усвядоміць, што жыццё не з’яўляецца маёй прыватнай ўласнасцю і што час мне не належыць. Гэта паступовае аддаленне ад усяго таго, што маё: мой час, мой адпачынак, мае правы, мае планы, мой распарадак. Той, хто прымае, адмаўляецца ад уласнага “я” і дазваляе ўвайсці ў сваё жыццё паняццям “ты” і “мы”, – сказаў Папа.

Францішак нагадаў аб дынамічнай прыродзе любові: “Хто любіць – не сядзіць у крэсле, чакаючы надыходу лепшага свету, але з энтузіязмам і пакорай устае і ідзе”. Сам св. Вінцэнт дэ Поль тлумачыў сутнасць паклікання тым, каб ісці па ўсім свеце і “распальваць сэрцы людзей” па прыкладзе Сына Божага.

“Не спыняйцеся, штодня праз адарацыю жывіцеся Божай любоўю і распаўсюджвайце яе ў свеце, заражаючы міласэрнасцю, прысутнасцю і згодай”, – пажадаў Святы Айцец членам “Вінцэнційскай сям’і”.

“Вінцэнційская сям’я” – гэта міжнароднае аб’яднанне супольнасцей і рухаў, натхнёных духоўнасцю, жыццём і дзейнасцю св. Вінцэнта дэ Поля. Сваёй галоўнай місіяй яны бачаць распаўсюджванне ў свеце харызмату святога, які заключаўся ў служэнні бедным, сіротам і адкінутым.








All the contents on this site are copyrighted ©.