2017-10-15 12:29:00

Францішак: хрысціянскае жыццё без любові – бясплоднае


Хрысціянскае жыццё – гэта гісторыя любові з Богам, падкрэсліў Папа 15 кастрычніка 2017 г. падчас Эўхарыстыі на плошчы св. Пятра ў Ватыкане. Падчас яе былі кананізаваны 35 святых: кс. Андрэ дэ Совераль, кс. Амброзіа Франсіска Фэра і свецкі вернік Матэа Марэйра і іх 27 паплечнікаў, забітыя у 1645 г. у Бразіліі; Крыстабаль, Антоніа і Хуан, падлеткі, забітыя з нянавісці да веры ў 1529 г. у Мексіцы; айцец Фаўстына Мігес Гансалес, іспанскі законнік з Ордэну піяраў, памерлы ў 1925 г.; айцец Анджэла да Акры, італьянскі капуцын, памерлы ў 1739 г. 

У гаміліі Пантыфік нагадаў, што Бог прагне асабістых адносін з кожным чалавекам. Ён нас запрашае і шукае, і “не задавольваецца тым, каб мы проста добра выконвалі свае абавязкі і прытрымліваліся Яго законаў, але хоча мець з намі сапраўднае жыццёвае адзінства, стасункі, якія складаюцца з дыялогу, даверу і прабачэння”.

Па словах Папы, хрысціянскае жыццё – гэта “гісторыя любові з Богам”, у якой Бог бескарысліва бярэ ініцыятыву, і дзе ніхто не можа хваліцца экскулюзіўнасцю запрашэння: ніхто не прывелеяваны адносна іншых, але кожны прывелеяваны перад Богам.

“Можам спытаць сябе, ці прынамсі адзін раз у дзень, мы прызнаемся Пану ў нашай любові да Яго. Ці памятаем, сярод многіх слоў, казаць Яму штодзённа: “Люблю Цябе, Пане. Ты – маё жыццё”. Бо калі знікне любоў, хрысціянскае жыццё стане бясплодным, стане целам без душы, немагчымай мараллю, зборам прынцыпам і законаў, якім павінен адпавядаць, не пытаючыся чаму. Але Бог жыцця чакае адказу жыцця, Пан любові чакае адказу любові”, - сказаў Папа.

Францішак нагадаў аб небяспецы “руціннага хрысціянскага жыцця”, у якім задавальняюцца “нармальнасцю”, жыцця без запалу, без энтузіязму, з кароткай памяццю. Вынікам гэтага з’яўляецца хуткая і найгоршая старасць, а менавіта, старасць сэрца.

Акрамя таго, ад Божага запрашэння можна адмовіцца на карысць “уласных спраў”, дзе ключавым словам з’яўляецца менавіта “уласныя”. “Вось як аддаляюцца ад любові. Не па прычыне кепскіх учынкаў, але таму што перавага аддаецца свайму: бяспецы, самасцвярджэнню, камфорту”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Напрыканцы гаміліі Францішак заклікаў вернікаў браць прыклад з кананізаваных падчас літургіі святых, асабліва “шматлікіх мучанікаў”, якія сказалі “так” Божай любові сваім жыццём і аж да канца. Такім чынам яны штодзённа апраналіся ў любоў Езуса, гэтую надзвычайную любоў, якая палюбіла нас да канца, удзяляючы прабачэнне тым, хто яе ўкрыжаваў, сказаў Пантыфік.








All the contents on this site are copyrighted ©.