2017-10-16 14:56:00

Святы Пасад да індуістаў: крочыць далей за талерантнасць


Апостальская Сталіца павіншавала вызнаўцаў індуізма ва ўсім свеце са святам Дзіпавалі, якое будзе адзначацца 19 лістапада 2017 г. Апублікаванае з гэтай нагоды пасланне Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу мае тэму: “Хрысціяне і індуісты: выйсці за рамкі талерантнасці”. Яно было скіравана 16 кастрычніка 2017 г. за  подпісам старшыні гэтай ватыканскай дыкастэрыі, кардынала Жана-Луі Тарана.

У дакуменце гаворка вядзецца пра неталерантнасць, як прычыну насілля ў многіх частках свету. Святы Пасад заклікае паразважаць аб тым, што абедзьве рэлігійныя супольнасці могуць зрабіць разам дзеля “ўмацавання ўзаемнай павагі паміж людзьмі, ідучы далей за талерантнасць, каб падрыхтаваць больш мірную і гарманічную эпоху для ўсіх грамадстваў”.

“Талерантнасць безумоўна прадугледжвае адкрытасць і цярплівасць да іншых людзей, прызнаючы іх прысутнасць сярод нас. Але, калі мы павінны працаваць на карысць трывалага міру і сапраўднай гармоніі, талерантнасці не дастаткова. Патрэбна сапраўдная павага і ўвага да адметнасцяў культур і звычаяў нашых супольнасцяў, якія спрыяюць, у сваю чаргу, здароўю і адзінству ўсяго грамадства”, - гаворыцца ў пасланні.

Павага да іншых людзей – гэта важнае супрацьяддзе ад неталерантнасці. Акрамя таго, неад’емным з’яўляецца прызнанне такіх правоў, як права на жыццё і права на вызнанне і практыкаванне ўласнай веры. Павага глыбейшая за талерантнасць. Яна стварае месца для кожнага чалавека і дазваляе бачыць у існуючых адметнасцях багацце чалавечай сям’і, а не пагрозу, адзначаецца ў пасланні Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу.

Дзіпавалі – гэта галоўнае індыйскае і індуісцкае свята. Яго назва даслоўна азначае “шлях святла”, а падчас яго святкавання запальваюцца традыцыйныя агні, якія сімвалізуюць перамогу святла над цемрай, дабра над злом, жыцця над смерцю.








All the contents on this site are copyrighted ©.