2017-10-17 14:56:00

Папа скіраваў пасланне на 800-годдзя Кустодыі Святой Зямлі


Руплівыя ў сузіранні і малітве, простыя і бедныя, паслухмяныя Біскупу Рыма, францішкане Кустодыі Святой Зямлі пакліканы прысутнічаць і жыць тут, побач з братамі розных культур, народнасцяў і рэлігій, сеючы мір, братэрства і павагу, падкрэсліў Францішак у пасланні з нагоды 800-годдзя прысутнасці Ордэна Меншых Братоў у гэтым рэгіёне.

Ён нагадаў, што падчас капітула 1217 г. св. Францішак адправіў сваіх духоўных братоў у розныя часткі свету, як сведкаў веры, братэрства і міру. Такім чынам узнікла францішканская правінцыя ў Святой Зямлі, якая на сённяшні дзень уключае ў сябе тэрыторыю Ізраіля, Палестыны, Іарданіі, Сірыі, Лівана, Родаса і Кіпру, і называецца Кустодыяй Святой Зямлі.

Пантыфік падкрэсліў, што заданнем Кустодыі з’яўляецца дапамога пілігрымам, якія прыбываюць сюды з розных частак свету, “пошук археалагічных сведчанняў і ўважлівае вывучэнне Святога Пісання”. Акрамя клопату пра шматлікія санктуарыі рэгіёну, францішкане паліканы таксама служыць мясцовай касцёльнай супольнасці, дадаў ён.

“Заахвочваю вас трываць у радаснай падтрымцы гэтых нашых братоў, асабліва самых бедных і слабых; у выхаванні моладзі, якая часта рызыкуе згубіць надзею ў кантэсце, у якім пакуль няма міру; у клопаце аб пажылых і хворых людзях, канкрэтным чынам жывучы ўчынкамі міласэрнасці ў штодзённасці”, - заклікаў Папа.

Пантыфік нагадаў таксама словы св. Францішка, які заклікаў братоў, калі пойдуць па свеце, не сварыцца паміж сабой і не судзіць іншых, але быць лагоднымі, мірнымі і сціплымі, паслухмянымі і пакорнымі, сумленна гаворачы з усімі.

Урачыстасці з нагоды 800-годдзя францішканскай прысутнасці ў Святой Зямлі праходзяць 16-18 кастрычніка 2017 г. у Іерусаліме. Апостальскую Сталіцу на іх прадстаўляе кардынал Леанарда Сандры, прэфект Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.