2017-10-17 11:30:00

Сенат ЗША зацвердзіў новага пасла пры Святым Пасадзе


Злучаныя Штаты будуць мець новага пасла пры Святым Пасадзе. Сенат краіны зацвердзіў Калісту Гінгрыч у якасці новага дыпламатычнага прадстаўніка. Яна зменіць на пасадзе Кэна Хакета, які працаваў пры Ватыкане з 2013 г., а перад сваёй дыпламатычнай кар’ерай быў вядомы ў якасці кіраўніка каталіцкай дабрачыннай арганізацыі “Catholic Relief Service”. Раней, з 2009 г. па 2012 г. службу ў якасці дыпламатычнага прадстаўніка ЗША пры Святым Пасадзе нёс каталіцкі тэолаг Мігель Дыяс, амерыканец кубінскага паходжання.

61-гадовая Каліста Гінгрыч вядомая ў якасці прадзюсера гістарычных дакументальных фільмаў і кіраўніка мультымедыйнай і кансалтынгавай кампаніі. Пасольства ЗША пры Святым Пасадзе паведаміла таксама, што дыпламат на працягу двух дзесяцігоддзяў спявала з хорам нацыянальнага санктуарыя Беззаганнага Зачацця ў Вашынгтоне. Гінгрыч служыла памочнікам у Кангрэсе ЗША і ў якасці старшыні дабрачыннага фонду “Gingrich Foundation”. Яна замужам за былым спікерам Палаты прадстаўнікоў ЗША і рэспубліканскім кандыдатам у Прэзідэнты ў 2012 г. Ньютам Гінгрычам.

Дыпламатычныя адносіны паміж ЗША і Святым Псадам былі ўсталяваныя толькі ў 1984 г. Гэтаму паспрыяла сустрэча прэзідэнта Рональда Рэйгана з папам Янам Паўлам II.

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп наведаў Ватыкан 24 мая 2017 г. Папярэднік цяперашняга кіраўніка Злучаных Штатаў, Барак Абама быў тут двойчы, у 2009 г. ён сустрэўся з Бэнэдыктам XVI, у 2014 г. яго прымаў папа Францішак. Цяперашні Пантыфік у верасні 2015 г. здзейсніў візіт у ЗША.








All the contents on this site are copyrighted ©.