2017-10-18 14:17:00

Ватыканская сустрэча біскупаў і палітыкаў па будучыні ЕС


Камісія Біскупскіх Канферэнцый Еўрапейскай Супольнасці (COMECE) рыхтуе нараду на тэму будучыні інтэграцыі кантынента. Яна пройдзе ў Ватыкане. У кантэксце “Brexit” і іншых сімптомаў крызісу Еўрасаюза прадстаўнікі Касцёла і палітыкі збяруцца разам, каб пераасэнсаваць еўрапейскі праект, адыходзячы ад зробленых у мінулым памылак і вяртаючыся да першапачатковага бачання айцоў-заснавальнікаў.

Еўропа сёння перажывае цяжкія і бурныя моманты, але сітуацыя не больш складаная, чым 60 гадоў таму, калі ставараўся Еўрапейскі Саюз, лічыць генеральны сакратар Камісіі, айцец Аліўе Пакіён. Ён нагадаў, што будаўніцтва адзінай Еўропы было барацьбой за мір на кантыненце, і гэтая мэта была дасягнута, аднак, па-ранейшаму намаганні ў гэтым напрамку неабходныя. Калі мы нічога не будзем рабіць, рызыкуем, што сітуацыя будзе яшчэ горшай, сказаў французскі дамініканін у інтэрв’ю Ватыканскаму радыё. Ён прызнаў, што меркаванні пра мадэль інтэграцыі падзяліліся не толькі сярод еўрапейскіх палітыкаў, але і ў Касцёле.

“Без сумневу, мы цяпер сутыкнуліся з пошукам еўрапейскай ідэнтычнасці. Тут з’яўляюцца розныя словы: ідэнтычнасць, каштоўнасці, еўрапейскія каштоўнасці. Але калі папрасіць назваць спіс гэтых каштоўнасцяў, атрымліваецца, што такога няма. Ніхто не ведае, аб чым мова”, - падзяліўся святар. Ён лічыць, што “чалавецтва мае прынцыпы, асноўныя правы, правы чалавека”, якія “выцякаюць з годнасці чалавека”. Сёння ідэнтычнасць і каштоўнасці – гэта рэчы, якія ідуць рука аб руку. “Калі мы не ведаем, хто мы ёсць, нам цяжка будзе прыняць іншага чалавека”, - дадаў генеральны сакратар Камісіі. 

Ён заўважыў, што Касцёл прыйшоў у Еўропу больш двух тысяч гадоў таму і ўкараніўся ва ўсёй разнастайнасці кантынента. І яго місія, сказаць Еўропе, што “трэба клапаціцца пра свае карані, а не проста збіраць плады, з дрэва, якое расце”, - сказаў святар у кантэксце правядзення форуму. 

Ватыканская сустрэча біскупаў і палітыкаў на тэму еўрапейскай інтэграцыі пройдзе 27- 29 кастрычніка 2017 г.








All the contents on this site are copyrighted ©.