2017-10-18 11:51:00

Францішак сустрэўся з міжрэлігійнай дэлегацыяй міратворцаў


Пантыфік прыняў 18 кастрычніка 2017 г. на аўдыенцыі ў Ватыкане дэлегацыю Сусветнай канферэнцыі “Рэлігіі за мір”. Ён падкрэсліў важнасць існавання міжрэлігійных пляцовак для ўмацавання бяспекі на планеце.

“Мір застаецца актуальнай задачай у сучасным свеце, дзе так шмат народаў траўміраваны вайной і канфліктамі. Мір з’яўляецца Божым дарам і, у той жа час, чалавечым дасягненнем. Вось чаму вернікі ўсіх рэлігій закліканы маліцца і хадайнічаць за мір. Усе людзі добрай волі, асабліва на высокіх пасадах, закліканы працаваць на карысць міру сэрцам, розумам і рукамі, паколькі мір, гэта штосьці, што “будуецца”. У гэтым высілку, мір і справядлівасць ствараюцца разам”, - сказаў Папа.

Францішак перакананы, што “рэлігіі, з іх духоўнымі і маральнымі рэсурсамі, маюць унікальную і незаменную ролю ў пабудове міру”; яны не могуць быць нейтральнымі, асабліва ў такіх пытаннях. “Тыя, хто здзяйсняюць акты насілля, або спрабуюць апраўдаць іх у імя рэлігіі, глыбока абражаюць Бога, Які ёсць мір і крыніца міру, Які пакінуў людзям адлюстраванне сваёй мудрасці, сілы і прыгажосці”, - падкрэсліў Пантыфік.

Ён выказаў павагу і ўдзячнасць за працу Сусветнай канферэнцыі “Рэлігіі за мір”, паколькі асацыяцыя дае сведчанне таму, што “рэлігіі звязаны па самой сваёй прыродзе ў садзейнічанні ўмацаванню міру на аснове справядлівасці, братэрства, раззбраення і клопату пра стварэнне”. Патрэбны агульныя і сумесныя намаганні з боку рэлігій для пашырэння “інтэгральнай экалогіі”. У іх ёсць сродкі для сумеснага прасоўвання маральнага заюзу, які мае на мэце садзейнічанне павазе да чалавечай асобы і клопат пра стварэнне, лічыць Папа.

“Дзякаваць Богу, у розных частках свету, мы маем шмат добрых прыкладаў сілы міжрэлігійнага супрацоўніцтва ў супрацьстаянні гвалтоўным канфліктам, у мэтах садзейнічання ўстойліваму развіццю і абароне Зямлі. Давайце працягнем ісці па гэтым шляху! Мы верым у дапамогу Усемагутнага і добрую волю вернікаў і многіх іншых асоб”, - сказаў папа Францішак, звяртаючыся да дэлегацыі Сусветнай канферэнцыі.

“Рэлігіі за мір” з’яўляецца найбуйнейшай міжнароднай кааліцыяй прадстаўнікоў сусветных рэлігій, створанай для працы на карысць міру. Яе штаб-кватэра знаходзіцца ў Нью-Ёрку, рэгіянальныя канферэнцыі – ў Еўропе, Азіі, Афрыцы і Паўднёвай Амерыцы і на Блізкім Усходзе, больш чым 90 філіялаў – на нацыянальным узроўні. Мае кансультатыўны статус пры Эканамічным і Сацыяльным Савеце Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, у ЮНЕСКА і ЮНІСЕФ. З моманту свайго стварэння ў 1961 г. “Рэлігіі за мір” арганізавала дзевяць глабальных канферэнцый рэлігійных лідэраў.








All the contents on this site are copyrighted ©.