2017-10-18 10:50:00

Папа: тэракт у Самалі заслугоўвае самага суровага асуджэння


Святы Айцец запэўніў у малітве за ахвяр тэракту ў сталіцы Самалі, горадзе Магадыша, які прывёў да гібелі больш чым 300 чалавек, сярод якіх дзеці. З адмысловым заклікам Францішак звярнуўся 18 кастрычніка 2017 г. на заканчэнне агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра ў Ватыкане.

“Гэты тэрарыстычны напад заслугоўвае самага суровага асуджэння, у тым ліку таму, што ўдарыў па ўжо вельмі змучаным насельніцтве. Малюся за памерлых і параненых, за іх блізкіх і ўвесь народ Самалі. Прашу аб навяртанні бязлітасных асоб і падтрымліваю ўсіх, хто з велізарнымі цяжкасцямі працуе на карысць міру на гэтай спакутаванай зямлі”, - сказаў Папа.

Тэракт адбыўся 15 кастрычніка 2017 г. на адной з цэнтральных вуліц самалійскай сталіцы. Тэрарыст-смяротнік на аўтамабілі наехаў на натоўп людзей, а затым прывёў у дзеянне бомбу, якая знаходзілася ў кузаве. Выбух прагрымеў ля гатэля на адной з самых ажыўленых вуліц горада. Пад яго заваламі апынулася вялікая колькасць людзей. 








All the contents on this site are copyrighted ©.