2017-10-19 12:31:00

Выйшла кніга пра ватыканскіх жандармаў


Малавядомыя і непублікаваныя дагэтуль дакументы, якія захоўваюцца ў архівах Дзяржаўнага Сакратарыяту ўвайшлі ў кнігу, прысвечаную гісторыі ватыканскіх праваахоўнікаў. Выданне “Ватыканская жандармерыя. Ад заснавання да нашых часоў” (La gendarmeria vaticana. Dalle origini ai giorni nostri), якое ўключае ў сябе таксама рэдкія выявы і фотаздымкі, было прэзентавана 19 кастрычніка 2017 г. у Ватыканскіх музеях. Прадмову напісаў кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін. 

Між іншым, гаворка ў кнізе ідзе пра цікавыя і часта малавядомыя аспекты часоў заканчэння халоднай вайны, што прыйшлося на доўгі пантыфікат Яна Паўла ІІ, пра напад на яго ў 1981 г., а таксама пра рост міжнароднага тэрарызму ў нашы дні.

Цікава, што пасля Другога Ватыканскага Сабору, 14 верасня 1970 г. папа Павел VI абвясціў аб роспуску папскіх узброеных сіл. Замест жандармерыі 15 снежня 1970 г. было створана Цэнтральнае бюро па наглядзе, перайменаванае ў 1991 г. у Корпус па наглядзе. З 2002 г. ватыканскія праваахоўнікі аб’яднаныя ў Корпус жандармерыі.

272-старонкавая кніга падкрэслівае здольнасць ватыканскай праваахоўнай адзінкі вырашаць задачы ў складанай і зменлівай абстаноўцы сённяшняга дня. Ватыканская жандармерыя з 2008 г. з’яўляецца членам Інтэрполу, што дазваляе супрацоўнічаць з інфармацыйнымі службамі і паліцыяй іншых дзяржаў. Таксама далучэнне Святога Пасаду да міжнародных канвенцый па барацьбе з педафіліяй, адмываннем грошай, катаваннем і нядаўнія змены ў Крымінальным кодэксе ставяць перад жандармамі новыя задачы.








All the contents on this site are copyrighted ©.