2017-10-19 11:49:00

Візіт Папы ў Чылі: ружанцовая он-лайн акцыя


Група католікаў з Чылі ініцыявала ў сацыяльных сетках малітоўную акцыю “Мільён ружанцаў для Папы”, прымеркаваную да студзеньскага візіту Францішка ў краіну. Адзін з арганізатараў праекта, Андрэс Хімэнэс Пэтэрсэн сказаў, што гэта таксама падзяка Провіду за магчымасць прыняць Святога Айца ў Чылі.

“Гэта, верагодна, лепшы спосаб выказаць падзяку Богу за візіт у нашу краіну. Гэта кампанія мае на мэце падрыхтаваць нашыя сэрцы на прыняцце вучэння і сведчання веры Францішка, - сказаў адзін з арганізатараў малітоўнай он-лайн акцыі. Паводле Хімэнэса, ружанцовая малітва за Папу павінна таксама ўключыць іншыя інтэнцыі, якія датычацца веры, жыцця і сям’і. “Гэта бягучыя праблемы, якімі жыве наша краіна, дзе апошнім часам легалізавалі аборты, запрашаючы маці забіваць сваіх дзяцей, а ў Кангрэсе ідзе праца над праектамі законаў, якія павінны спрыяць гендэрнай ідэалогіі, накіраванай супраць інстытута сям’і”, - дадаў чылійскі каталіцкі актывіст.

Гэтую ініцыятыву падтрымалі ўлады Касцёла паўднёваамерыканскай краіны. Адным з энтузіястаў акцыі з’яўляецца арцыбіскуп Сант’яга, кардынал Рыкарда Езаці.

Францішак наведае Чылі 15-18 студзеня 2018 г. Гэта паездка будзе праходзіць пад дэвізам “Спакой мой даю вам”. Плануецца, што ён будзе цэлебраваць тры св. Імшы з вернікамі, наведае, між іншым, жаночую турму і Папскі чылійскі ўніверсітэт, сустрэнецца з Прэзідэнтам.

Візіт Пантыфіка ў Чылі стане часткай яго чарговага падарожжа ў Лацінскую Амерыку. Адтуль 18 студзеня ён адправіцца на чатыры дні ў Перу. Гэта будзе ўжо шосты візіт Францішка ў Лацінскую Амерыку падчас яго пантыфікату. Раней Чылі наведваў Ян Павел ІІ, 1-6 красавіка 1987 г.








All the contents on this site are copyrighted ©.