2017-10-20 13:22:00

Святы Айцец: жыць праўдай – без “макіяжу душы”


Пра неабходнасць унутранай праўды і імкнення да яе, казаў Папа 20 кастрычніка 2017 г. падчас ранішняй св. Імшы ў Ватыкане. Спасылаючыся на ўрывак з Паслання да Рымлянаў (4,1-8), дзе св. Павел заклікае да паслухмянасці Богу, Святы Айцец адзначыў, што Божае прабачэнне з’яўляецца цалкам дарам ласкі, а не следствам чалавечых учынкаў.

“Нашы дзеянні з’яўляюцца адказам на бязвыплатную любоў Бога, Які апраўдаў нас і заўсёды нам даруе. І наша святасць заўсёды з’яўляецца прыняццем прабачэння, таму псальм кажа: “Шчаслівы той, каму адпушчана беззаконне, і чый грэх забыты. Шчаслівы чалавек, якому Пан не залічыў віны”. Пан – гэта той, хто дараваў нам першародны грэх і даруе нам кожны раз, калі мы прыходзім да Яго. Мы не можам дараваць сабе свае грахі праз нашы ўчынкі – толькі Ён прабачае. Мы можам толькі адказаць нашымі ўчынкамі на гэта прабачэнне”, - сказаў Францішак.

Затым Святы Айцец адзначыў, што ў фрагменце Евангелля св. Лукі (12, 1-7) Езус паказвае нам яшчэ адзін спосаб пошуку апраўдання, прапаноўваючы нам вобраз тых, хто лічыць сябе праведнікамі, на самой справе з’яўляючыся крывадушнікамі. “Гэтыя людзі робяць макіяж душы, жывуць хлуснёй, святасць для іх – гэта прытворства. Езус заўсёды хоча, каб мы былі сапраўднымі, але сапраўднымі ўнтуры. І калі нешта з’яўляецца звонку, няхай гэта будзе праўда, што ляжыць у маім сэрцы”, - адзначыў Папа. Ён назваў людзей, якія імітуюць пабожнасць, “мыльнымі бурбалкамі”, якія сёння ёсць, а заўтра не.

“Езус чакае ад нас адказнага жыцця, цзгодненасці паміж тым, што робім і як жывём унутры. Хлусня шмат шкодзіць, крывадушнасць прыносіць шмат зла, гэта лад жыцця. (...) Перад Богам трэба заўсёды быць у праўдзе, і гэта праўда перад Богам робіць месца, каб Пан дараваў нам”, - патлумачыў Святы Айцец.
Ён заклікаў не вінаваціць іншых, але мець мудрасць вінаваціць сябе, не хаваючы свае грахі перад Богам.








All the contents on this site are copyrighted ©.