2017-10-20 13:37:00

Святы Пасад: палітыка нацбяспекі павінна ўлічваць бежанцаў


Міжнародная ахова тых, хто звяртаецца за прытулкам, павінна быць не абстракным паняццем, але дынамічным дзеяннем, накіраваным на абарону годнасці і бяспекі людзей, падкрэсліў Пастаянны прадстаўнік Апостальскай Сталіцы пры ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе 17 і 18 кастрычніка 2017 г. падчас абмеркавання гэтай праблемы ў сядзібе арганізацыі.

Арцыбіскуп Іван Юркавіч раскрытыкаваў прамаруджванні ў прыняцці рашэнняў адносна дазволу на прытулак і нягнуткасць адпаведнай палітыкі. На думку ватыканскага іерарха, нязладжаныя механізмы “падвяргаюць рызыцы бяспеку тых, хто патрабуе абароны”.

“У пытаннях аховы межаў і дабрабыту бежанцаў няма дыхатаміі: абодва вымярэнні павінны узаемаўмацоўвацца”, - выказаў упэўненасць арцыбіскуп Юркавіч і заклікаў краіны распрацоўваць “палітыку інклюзіўнай бяспекі”, якая б гарантавала спакой як сваіх грамадзян, так і тых, хто ўцякае ад узброеных канфліктаў. “Падыход, накіраваны толькі на ўнутраную бяспеку, ігнаруе трагедыю бежанцаў”, - дадаў іерарх.

“Неабгрунтаваныя і сумесныя выключэнні – гэта не выхад”, - сказаў іерарх і заахвоціў міжнародную супольнасць праяўляць большую спагадлівасць у адносінах да дзяцей без суправаджэння і іх сем’яў. Ватыканскі дыпламат нагадаў, што каля 3,5 млн непаўналетніх бежанцаў не маюць магчымасці наведваць школу, а гэта важна для пазбягання ў далейшым “гандлю людзьмі, прымусовай працы і іншых форм нявольніцтва”.

Нарэшце, арцыбіскуп Юркавіч заклікаў улады прымаючых краін забяспечыць бежанцам доступ да медыцынскіх паслуг, адкінуўшы беспадстаўнае, але вельмі распаўсюджанае меркаванне, нібыта такія асобы могуць з’яўляцца пераношчыкамі інфекцыйных захворванняў. Рашэнне пакінуць родную краіну вынікае не толькі з страху і адчаю, але і з веры ў салідарнасць і еднасць чалавечай сям’і, заключыў ватыканскі дыпламат.








All the contents on this site are copyrighted ©.