2017-10-24 14:27:00

Папскі хор запісаў кампакт-дыск на Адвэнт і Божае Нараджэнне


Папская музычная Сікстынская капэла запісала кампакт-дыск са спевамі на Адвэнт і Божае Нараджэнне. Ён быў выдадзены пад назвай “Veni Domine – Advent & Christmas at the Sistine Chapel”. Прэзентацыя адбылася 24 кастрычніка 2017 г. у Зале Друку Апостальскай Сталіцы. 

Старажытныя музычныя творы, якія ўвайшлі ў альбом, ствараліся спецыяльна для папскіх цэлебрацый. Іх партытуры захоўваюцца ў фондзе Сікстынскай капэлы ў Ватыканскай Апостальскай Бібліятэцы – аднаго з самых буйных у свеце архіваў музыкі эпохі Адраджэння, у якім захоўваюцца манускрыпты самых вялікіх кампазітараў гэтага гістарычнага перыяду.

Крытэрыем выбару кампазіцый была іх прыналежнасць да тэматыкі Адвэнту і Божага Нараджэння, а таксама частата выканання падчас папскіх цэлебрацый, распавёў падчас прэзентацыі дырыжор папскага хору кс. Масіма Паламбэла.

Кампакт-дыск выйшаў пад лэйблам “Deutsche Grammaphon”. Гэта ўжо трэці праект у рамках супрацоўніцтва паміж Сікстынскай капэлай і гэтай прэстыжнай нямецкай фірмай гуказапісу. Першы альбом – зборнік грыгарыянскага спеву “Cantate Domini” – быў запісаны ў 2015 г., а другі – дыск з творам “Missa Papæ Marcelli” італьянскага кампазітара эпохі Рэнесанса Джавані П’ерлуіджы Палестрына – у 2016 г.








All the contents on this site are copyrighted ©.