2017-10-25 13:59:00

Святы Пасад: вада – элемент супрацоўніцтва, а не канфліктаў


Вада – гэта элемент супрацоўніцтва, а не канфліктаў, падкрэсліў кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін падчас Сусветнай сустрэчы на вышэйшым узроўні па праблемах вады і клімату. Форум прыйшоў 23-25 кастрычніка 2017 г. у Рыме. “Пастаяннае павелічэнне патрэбы ў вадзе з’яўляецца адным з самых складаных выклікаў сённяшняга і заўтрашняга дня, што стаіць перад міжнароднай супольнасцю”, - адзначыў іерарх.

Кардынал Паралін нагадаў, што многія катастрафічныя наступствы кліматычных змен выкліканы не толькі прыродным фактарам, але і чалавечай дзейнасцю. Ён з жалем заўважыў, што працягваецца забруджванне ваданоснага слою і рэкаў, знішчэнне лясоў, нагадаў пра сувязь паміж кліматычнымі зменамі і прыроднымі бедствамі, звязанымі з вадой, якія на працягу апошніх 30 гадоў складалі 90% ад усіх катаклізмаў.

У сваім дакладзе кардынал Дзяржсакратар закрануў пытанне так званых “водных войнаў”, асабліва вакол рэк, азёр і водных басейнаў, падзеленых паміж некалькімі краінамі. Ён заклікаў вырашаць падобныя праблемы з дапамогай палітычных і тэхналагічных пагадненняў, памятаючы, што вада можа быць элементам супрацоўніцтва і дыялогу, нагодай для міра і салідарнасці, а кіраванне воднымі рэсурсамі павінна здзяйсняцца паводле прынцыпу дзялення.  

“Трансгранічныя водныя рэсурсы, падзеленыя паміж некалькімі дзяржавамі, даюць магчымасць як для суперніцтва і канфліктаў, так і для супрацоўніцтва і салідарнасці, з моманту калі разумеюцца ў якасці ключавога фактара для эканамічнай стабільнасці кожнай дзяржавы”, - падкрэсліў кіраўнік ватыканскай дыпламатыі. 

У другой палове ХХ стагоддзя было заключана больш за 200 дамоваў аб вадзе, дэманструючы, што трансгранічнае супрацоўніцтва ў воднай сферы з’яўляецца,  па словах кардынала Параліна, “каштоўным прыкладам доўгатэрміновага прадухілення канфліктаў”.

Бліжэйшы супрацоўнік Папы нагадаў аб праве доступу да вады, асабліва для бедных. Вада – гэта фундаментальны фактар для развіцця, таму што кепскае кіраванне ёй правакуе нягоднае жыццё, цяжкасці ў сельскагаспадарчым сектары, дрэнныя гігіенічныя ўмовы. Усе гэтыя феномены прыводзяць да вымушанай міграцыі, падкрэсліў ён.

Сусветная сустрэча на вышэйшым узроўні па праблемах вады і клімату праходзіла ў рымскім Капітоліі. Форум сабраў разам прадстаўнікоў краін, на тэрыторыі якіх знаходзіцца большасць рачных басейнаў свету. Да ўдзельнікаў саміту сваё пасланне скіраваў Папа.








All the contents on this site are copyrighted ©.