2017-10-25 11:27:00

Святы Пасад пра вынікі ўспаміну 500-годдзя Рэфармацыі


Старшыня Папскай рады cпрыяння хрысціянскаму адзінству, кардынал Курт Кох назваў станоўчымі вынікі сумеснага ўспаміну 500-й гадавіны Рэфармацыі. У інтэрв’ю Ватыканскаму радыё ён выказаў асаблівую ўдзячнасць Лютэранскай Царкве, за яе згоду надаць цэнтральнае месца падчас юбілейных мерапрыемстваў цэлебрацыі асобы Хрыста, што аб’ядноўвае католікаў і пратэстантаў. “Гэта была лепшая ідэя для сумеснага ўспаміну Рэфармацыі”, - адзначыў іерарх і нагадаў, што сёлета адзначаецца таксама 50-годдзе каталіцка-лютэранскага дыялогу.

Кардынал Кох адзначыў, што мэтай экуменізму з’яўляецца “супольнасць эўхарыстычнага стала” і прапанаваў, каб пасля падпісання Сумеснай дэкларацыі аб дактрыне апраўдання і адзначэння юбілею Рэфармацыі заняцца сумеснай заявай на тэму разумення Касцёла і Эўхарыстыі. Ён з асцярожнасцю выказаўся адносна экуменічнай канцэпцыі “адзінства ў паяднанай разнастайнасці”, паколькі кожны разумее гэта па-свойму, і нагадаў каталіцкі пункт гледжання, паводле якога, у экуменічным дыялогу важна, каб гэтая формула выкарыстоўвалася ў якасці адпраўнога пункту, а не мэты.

На думку старшыні Папскай рады, Францішак у пытаннях экуменізму працягвае справу сваіх папярэднікаў. Ён часта прымае прадстаўнікоў розных хрысціянскіх Цэркваў і супольнасцяў, ажыццяўляючы такі чынам “экуменічны прымат”, у сімвалічным сэнсе. Кардынал Кох нагадаў, што экуменічная адкрытасць Пантыфіка вынікае з досведу Лацінскай Амерыкі, дзе ён часта сустракаўся з рознымі евангелікальнымі і пяцідзесятніцкімі супольнасцямі, хоць некаторыя з іх маюць антыкаталіцкае і антыэкуменічнае стаўленне.








All the contents on this site are copyrighted ©.