2017-10-25 11:44:00

Францішак: рай – мэта хрысціянскай надзеі


Мэтай хрысціянскай надзеі з’яўляецца рай – вечнае прабыванне з Богам, падкрэсліў Святы Айцец 25 верасня 2017 г., падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра ў Ватыкане. У сваёй катэхезе, апошняй з цыклу, прысвечаных надзеі, ён заклікаў вернікаў не баяцца смерці, а верыць у дабрыню і міласэрнасць Пана.

Францішак нагадаў, што “рай” – гэта адно з апошніх слоў, якое Езус прамовіў на крыжы. Яно было скіравана да “добрага злачынцы”, укрыжаванага побач з Ім – чалавека, які, учыніўшы сур’ёзныя злачынствы, разумеў, што атрымаў справядлівае пакаранне. Ён звярнуўся да Хрыста з пакорнай просьбай: “Узгадай мяне, калі прыйдзеш у сваё Валадарства”. “Было дастаткова гэтага слова пакорнага пакаяння, каб крануць сэрца Езуса”, - падкрэсліў Папа. 

“Добры злачынца нагадвае нам аб нашым сапраўдным стане перад Богам: што мы – Яго дзеці, што Ён адчувае спагаду да нас, што Ён – бязабаронны кожны раз, калі мы сумуем па Яго любові. У палатах шматлікіх шпіталёў ці ў камерах турмаў гэты цуд паўтараецца бясконцую колькасць разоў: не існуе чалавека, як бы кепска ён не жыў, якому б засталася толькі роспач і была забаронена ласка. Перад Богам мы ўсе стаім з пустымі рукамі, крыху падобныя на мытніка з прыпавесці, які затрымаўся, каб памаліцца ў глыбіні святыні. Кожны раз, калі чалавек, робячы апошні ў жыцці рахунак сумлення, бачыць, што яго недахопы пераўзыходзяць добрыя ўчынкі, павінен не расчароўвацца, а давяраць міласэрнасці Бога, а гэта дае нам надзею, гэта адкрывае нам сэрца”, - сказаў Папа.

Святы Айцец нагадаў, што Бог – наш Нябесны Айцец, Які чакае нашага вяртання да самага апошняга. Ён прыгадаў прыпавесць пра блуднага сына, які, вярнуўшыся дамоў, пачынае вызнаваць перад бацькам свае правіны, але той нават не дае яму прамовіць, адразу абдымае.  

“Рай – гэта не месца з байкі і нават не цудоўны сад. Рай – гэта абдымкі з Богам, бясконцай Любоўю, у якія ўваходзім дзякуючы Езусу, Які памёр за нас на крыжы. Дзе ёсць Езус, там ёсць міласэрнасць і шчасце; без Яго –холад і цемра. У гадзіну смерці хрысціянін паўтарае Езусу: “Узгадай мяне”. І нават калі не будзе нікога, хто б памятаў пра нас, Езус будзе побач з намі. Ён хоча прывесці нас у самае цудоўнае з існуючых месцаў. Ён хоча прывесці нас з тым малым ці вялікім, што было добрае ў нашым жыцці, каб нічога не згубілася з таго, што Ён ужо адкупіў. І ў дом Айца ён забярэ таксама ўсё, што ў нас яшчэ патрабуе адкуплення: недахопы і памылкі ўсяго жыцця. Вось мэта нашага жыцця: каб усё споўнілася і было пераменена ў любоў”, - сказаў Папа.  

Па словах Святога Айца, вера ў міласэрнасць Хрыста з’яўляецца крыніцай хрысціянскай надзеі і дапамагае пераадолець страх перад смерцю.

“Калі будзем верыць у гэта, смерць перастане нас палохаць і зможам спадзявацца, што пакінем гэты свет спакойна, з вялікім даверам. Той, хто пазнаў Езуса, больш не баіцца нічога. І зможам паўтарыць таксама і мы словы старога Сімяона, благаслаўлёнага сустрэчай з Хрыстом пасля цэлага жыцця, праведзенага ў чаканні: “Цяпер адпускаеш слугу Твайго, Валадару, паводле слова Твайго, у спакоі”, - нагадаў евангельскія словы Францішак. 

Папа адзначыў, што ў момант сустрэчы з Хрыстом больш не будзе слёз, бо ўсё будзе пакінута ў мінулым, нават прароцтвы і веды, а застанецца толькі любоў.








All the contents on this site are copyrighted ©.