2017-10-26 15:00:00

Папа правёў сеанс сувязі з касманаўтамі і астранаўтамі МКС


26 кастрычніка 2017 г. каля 15.00 па рымскім часе адбыўся сеанс сувязі папы Францішка з экіпажам Міжнароднай касмічнай станцыі. Ён працягваўся каля 20 хвілін. У арбітальнай сустрэчы прынялі ўдзел шэсць астранаўтаў: чатыры амерыканцы, два расіяніна і адзін італьянец – 60-гадовы Паола Неспалі, самы вялікаўзроставы астранаўт, які пабываў на МКС. Цяперашняя касмічная экспедыя для яго ўжо трэцяя. 

Менавіта да яго Пантыфік скіраваў першае пытанне. “Астраномія дазваляе сузіраць бязмежныя гарызонты сусвету і абуджае ў нас пытанні: адкуль паходзім? Куды ідзём? У святле вашага касмічнага досведу, што вы думаеце пра месца чалавека ў сусвеце?”, - спытаў Святы Айцец.

Францішка таксама цікавала, як астранаўты ставяцца да сцвярджэння, што любоў з’яўляецца сілай, якая стварае рух у сусвеце; што іх падштурхнула абраць касмічную прафесію; што найбольш радуе і здзіўляе падчас знаходжання на МКС?

Святы Айцец заўважыў, што нашы грамадствы вельмі індывідуалістычныя, а ў жыцці, важным з’яўляецца супрацоўніцтва. У сувязі з гэтым ён папрасіў астранаўтаў распавесці пра які-небудзь значны прыклад супрацоўніцтва на касмічнай станцыі.

“Дарагія сябры! Хачу сказаць – дарагія браты, бо мы лічым вас прадстаўнікамі ўсёй чалавечай сям’і ў такім навуковым праекце як МКС! Сардэчна вам дзякую за гэтую размову, якая мяне вельмі ўзбагаціла. Няхай Пан благаславіць вас, вашу працу і вашы сем’і. Я малюся за вас і вы, калі ласка, маліце за мяне”, - сказаў Папа на заканчэнне дыялогу.

Папярэдні сеанс сувязі паміж Ватыканам і МКС праходзіў у 2011 г. з нагоды заканчэння місіі і апошняга палёту амерыканскага карабля з серыі “Shutle Endeavour”. Тады свае пытанні астранаўтам скіроўваў Бэнэдыкт XVI.








All the contents on this site are copyrighted ©.