2017-10-26 11:44:00

У эфір выйшаў першы эпізод тэлепраграмы з Францішкам


У эфір выйшаў першы эпізод праграмы “Ойча наш” з Папам, вядучым якой выступіў кс. Марка Поца, малады турэмны капелан з Падуі. 25 кастрычніка 2017 г. на тэлеканале італьянскага епіскапату “TV2000” Пантыфік узгадаў эпізод з свайго дзяцінства, калі яму выдалілі міндаліны і адразу пасля аперацыі далі марозіва. “Бог вялікі, Бог хвалы, ідзе побач з табой і дае табе чыстае марозіва, калі гэта неабходна”, - сказаў Францішак.

Тэлепраграма рэалізуецца ў супрацоўніцтве паміж Сакратарыятам па камунікацыі Святога Пасаду і “TV2000”. Апрача Пантыфіка ў ёй выступаюць вядомыя свецкія вернікі са свету культуры і шоў-бізнеса. Першая прайшла з удзелам пісменніцы Сільвіі Авалонэ. У эфір выйдзе дзевяць эпізодаў.

“Нябёсы – сказаў Францішак падчас сустрэчы з кс. Поца - азначаюць веліч Божай усемагутнасці. Ён з’яўляецца Першым, Ён – вялікі, ён стварыў нас. Нябёсы азначаюць бязмежнасць Яго ўлады, Яго любові, Яго прыгажосці”, - патлумачыў Пантыфік першыя словы малітвы “Ойча наш”. Святы Айцец узгадаў свайго бацьку і прызнаўся, што ў дзяцінстве, пасля паездкі ў таксі, думаў, што ён з’яўляецца “гаспадаром усіх машын у горадзе”, некім вельмі значным, і ў той жа час вельмі блізкім яму чалавекам. Гэты досвед дзіцяці, лічыць Папа, дапамагае нам зразумець “адносіны паміж веліччу Бога і Яго блізкасцю”.

З адказаў Францішка ў рамках праграмы “Ойча наш” таксама нарадзілася аднайменная кніга, якая з’явіцца на паліцах кнігарняў Італіі 23 лістапада 2017 г.








All the contents on this site are copyrighted ©.