2017-10-26 16:20:00

Францішак: еднасць важней за кампетэнцыі чалавека


У свеце працы адзінства павінна быць вышэй за кампетэнцыі, падкрэсліў папа Францішак ў відэапасланні да ўдзельнікаў Сацыяльнага тыдня італьянскіх католікаў – форума, які арганізуецца Каталіцкім Касцёлам у Італіі для абмеркавання актуальных сацыяльных праблем і пошуку іх рашэнняў у хрысціянскім духу. Сёлетняя сустрэча прысвечана тэме працы і праходзіць 26-28 кастрычніка 2017 г. у горадзе Кальяры.

У сваім звароце Пантыфік заўважыў, што існуюць віды дзейнасці, якія прыніжаюць годнасць чалавека, садзейнічаюць войнам праз вытворчасць зброі, нявечаць годнасць цела праз прастытуцыю, дапускаюць эксплуатацыю дзяцей. Абражае годнасць праца, за якую плацяць “па-чорнаму”, без сацыяльных гарантый, якая дыскрымінуе жанчын і асоб з інваліднасцю, а таксама праца ў небяспечных умовах.

“Таксама непастаянная праца – гэта адкрытая рана для многіх работнікаў, якія жывуць у страху згубіць занятасць. Я шмат разоў чуў аб гэтай трывозе: трывозе, выкліканай магчымасцю страціць сваю працу; трывозе чалавека, які мае працу з верасня па чэрвень і не ведае, ці будзе мець яе ў верасні наступнага года. Поўнае непастаянства. Гэта амаральна. Гэта забівае: забівае годнасць, забівае здароўе, забівае сям’ю, забівае грамадства”, - сказаў Папа.

Святы Айцец выказаў сваю салідарнасць людзям, якія шукаюць і не могуць знайсці працу, якія па гэтай прычыне згубілі надзею, якія працуюць усяго некалькі гадзін у месяц і не маюць магчымасці пераадолець парог беднасці. Ён заклікаў беспрацоўных не губляць надзеі і запэўніў, што “Касцёл працуе на карысць эканомікі, якая будзе знаходзіцца на службе чалавеку, што паменшыць няроўнасць і мае на мэце працу для ўсіх”.

Па словах Папы, сярод шматлікіх цяжкасцяў прысутнічаюць таксама знакі надзеі, які вучаць двум цнотам: служыць людзям, якія маюць у гэтым патрэбу, і будаваць грамадствы, у якіх адзінства будзе дамінаваць над кампетэнцыяй чалавека. Францішак асудзіў “хваробу” мерытакратыі – прынцып, згодна з якім сацыяльная прыналежнасць чалавека вызначаецца па яго здольнасцях, інтэлекце ці прыналежнасці да пэўнай групы.

Святы Айцец пажадаў, каб тэхналагічны прагрэс кіраваўся сумленнем і прынцыпамі субсідыярнасці і салідарнасці. “Робаты павінны застацца сродкамі, а не станавіцца ідаламі эканомікі, якая знаходзіцца ў руках маючых уладу. Яны павінны служыць асобе і чалавечым патрэбам”, - дадаў Францішак.

Сацыяльныя тыдні італьянскіх католікаў апраходзяць з 1907 г. у розных гарадах Італіі. Іх ініцыятарам быў эканаміст і сацыёлаг, благаслаўлёны Джузэпэ Таньёла. Сёлетні форум стане ўжо 48-м. У ім прымуць удзел каля 1000 дэлегатаў з розных частак краіны. 








All the contents on this site are copyrighted ©.