2017-10-27 15:13:00

Профіль Францішка ў “Instagram” мае 5 мільёнаў падпісчыкаў


Колькасць падпісчыкаў акаўнта Францішка ў сацыяльнай сетцы “Instagram” перавысіла 5 млн. чалавек. З іх 65% – жанчыны, 35% – мужчыны. Большасць мае ад 18 да 34 гадоў і паходзіць з Бразіліі, ЗША, Калумбіі, Італіі і Мексікі, паведаміў 26 кастрычніка 2017 г. Сакратарыят па камунікацыі Апостальскай Сталіцы.

Профіль Пантыфіка называецца “@Franciscus” (з лацінскай мовы – Францішак). Першы фотаздымак, які на ім быў апублікаваны 19 сакавіка 2016 г, гэта выява Папы, засяроджанага на малітве, з каментаром: “Маліцеся за мяне” на дзевяці мовах: англійскай, іспанскай, італьянскай, арабскай, французскай, польскай, партугальскай, нямецкай і лацінскай. 

З часу актывацыі папскага профілю на ім было апублікавана 469 фота і відэаматэрыялаў, якія заўсёды суправаджаюцца кароткім каментаром.

Акаўнт “@Franciscus” быў створаны крыху больш чым праз месяц пасля сустрэчы Святога Айца з сузаснавальнікам “Instagram” Кэвінам Сістрамам 26 лютага 2016 г. у Ватыкане. Амерыканскі праграміст і бізнесмен прысутнічаў у Ватыкане таксама пры афіцыйнай актывацыі папскага профілю.

“Instagram” – гэта бясплатны сэрвіс з элементамі сацыяльнай сеткі для абмену фотаздымкамі і відэазапісамі. Ён мае каля 400 млн. карыстальнікаў ва ўсім свеце. У красавіку 2012 г. быў набыты кампаніяй “Facebook”.








All the contents on this site are copyrighted ©.