2017-10-27 15:11:00

Старшыня рады епіскапатаў ЕС: лепш разумець Усходнюю Еўропу


Кардынал Рэйнхард Маркс заклікаў да больш глыбокага разумення бягучай сацыяльнай сітуацыі ва Усходняй Еўропе. “Мы павінны ўлічваць той факт, што краіны Усходняй Еўропы маюць сваю ўласную гісторыю і ў ХХ стагоддзі іх ідэнтычнасць была паранена неаднойчы”, - сказаў старшыня Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўрапейскай Супольнасці і член Рады кардыналаў па дапамозе Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам.

Ён прызнаў, што яго непакояць цяперашнія спробы падзелу на Заходнюю і Усходнюю Еўропу і катэгарычна заявіў, што ён не падтрымлівае нацыяналістычных і дыктатарскіх ідэй. Таксама і ў Касцёле ў наш час на першы план выходзіць нацыяналізм і папулізм, а касцёльная традыцыя выкарыстоўваецца для падтрымкі ўласнай палітычнай ідэнтычнасці, лічыць іерарх. “Гэта ўзаемная інструменталізацыя: некаторыя касцёльныя групы выкарыстоўваюць палітыку для сваіх уласных інтарэсаў, а некаторыя палітыкі выкарыстоўваюць рэлігію, і не толькі хрысціянства, каб дадаць дынамікі сваім ідэям”, - сказаў кардынал Маркс у інтэрв’ю Ватыканскаму радыё.

Арцыбіскуп Мюнхенска-Фрайзінгскі таксама падкрэсліў, што Каталіцкі Касцёл з самага пачатку падтрымліваў працэс еўрапейскага адзінства і працягвае рабіць гэта сёння. Біскупы хацелі б стымуляваць далейшыя дзеянні ў еўрапейскім праекце, бо лічаць, што Еўрапейскі Саюз знаходзіцца ў крызісе.

Нагодай для размовы стала канферэнцыя пра будучыню Еўропы, якая пачынаецца праз некалькі дзён. 27-29 кастрычніка 2017 г., на запрашэнне Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўрапейскай Супольнасці, у Рыме збяруцца 340 хрысціян са свету палітыкі, эканомікі і навукі. Кожная з 28 дзяржаў-членаў накіруе двухасабовую дэлегацыю.








All the contents on this site are copyrighted ©.