2017-10-28 12:11:00

Францішак кансэкраваным свецкім: будзьце душой у целе свету


Папа адзначыў выключнасць місіі інстытутаў кансэкраванага жацця. Ён скіраваў пасланне на форум, прымеркаваны да выдання Піем ХІІ Апостальскай канстытуцыі “Provida Mater Ecclesiae”, якой 2 лютага 1947 г. ён заснаваў у Касцёле так званыя “свецкія інстытуты” – адну з форм кансэкраванага жыцця. 

Канферэнцыя праходзіць у Рыме 28-29 кастрычніка 2017 г. Яе суарганізатарамі выступілі італьянская Канферэнцыя свецкіх інстытутаў і ватыканская Кангрэгацыя інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця.

На думку папы Францішка, узгаданы дакумент Пія XII стаў сапраўды “рэвалюцыйным”, фактычна засноўваючы новую форму кансэкрацыі для свецкіх вернікаў і дыяцэзіяльных святароў, заклікаючы іх жыць евангельскімі парадамі “ў свецкасці”. Навізна і плённасць Інстытутаў, лічыць Пантыфік, менавіта ў спалучэнні кансэкраванасці і свецкасці, практыкаванні апостальства сведчання, евангелізацыі, асаблівым чынам для святароў, і хрысціянскага падыходу ў грамадскім жыцці, у першую чаргу ў выпадку свецкіх вернікаў. Да гэтага можна далучыць братэрства.

Гэты ўнікальны лад жыцця і любові дапамагае “лячыць” жыццё людзей і прыносіць ім спакой. Застаючыся “ўнутры свету”, кансэкраваная асоба ўспрымае яго не толькі як нейкі сацыялагічны стан, але “тэалагічную рэчаіснасць”, якая дазваляе бачыць, слухаць, быць міласэрным, радавацца з іншымі, інтуітыўна адчуваць патрэбы, лічыць Папа. Ён назваў гэта “прароцкай прысутнасцю”. “Свецкасць”, паводле Пантыфіка, гэта ўменне перадаць Божае слова свету, што асабліва важна ў наш час, калі існуе спакуса ізаляваць сябе ў сваім камфортным і бяспечным асяроддзі. Францішак пажадаў кансэкраваным свецкім не трапіць у гэтую спакусу. “Вядома, гэта цяжка, гэта шлях, які вядзе да крыжа, але Пан жадае ісці разам з вамі”, - напісаў ён у сваім пасланні.

Папа прапанаваў духоўныя практыкі, пяць дзеясловаў, якія могуць дапамагчы на гэтым шляху: маліцца, распазнаваць, падзяляць, не губляць мужнасці і сімпатызаваць. Маліцца, каб пачуць голас Бога перад кожнай падзеяй у жыцці; распазнаваць, каб адрозніваць асноўныя рэчы ад другасных; падзяляць лёс кожнага чалавека, нават калі падзеі свету трагічныя і цёмныя; чэрпаць мужнасць з ласкі Хрыста, ніколі не губляючы надзеі і бачачы добрае ва ўсім; сімпатызаваць свету і людзям, незалежна ад таго, што, здаецца, яны яе не заслугоўваюць, памятаючы, што гэта сімпатыя зыходзіць ад Духа Хрыстовага, што захапляе нас і робіць свабоднымі.

“Дарагія браты і сёстры, будзьце у свеце, як душа ў целе”, - пажадаў членам інтытутаў кансэкраванага жыцця Францішак.








All the contents on this site are copyrighted ©.