2017-10-29 13:13:00

Папа: без любові жыццё і вера застаюцца бясплённымі


Сувязі любові з верай прысвяціў свае разважанні перад нядзельнай малітвай “Анёл Панскі” Францішак. Любоў дае жыццю і шляху веры дынамічнасць і плённасць: без любові жыццё і вера застаюцца бясплённымі – такія думкі прагучалі 29 кастрычніка 2017 г. на плошчы св. Пятра з вуснаў Папы.

“У гэтую нядзелю літургія прапануе нам кароткі, але вельмі важны фрагмент Евангелля (Мц 22, 34-40). Евангеліст, св. Мацвей кажа, што фарысеі сабраліся разам, каб падвергнуць Езуса выпрабаванню, - нагадаў Папа. - Адзін з іх, кніжнік, задаў яму наступнае пытанне: “Настаўнік, якая запаведзь найбольшая ў Законе?” (Мц 22, 36). Гэта складанае пытанне, таму што ў Законе Майсея згадваюцца больш за шэсцьсот запаведзяў. Як адрозніць сярод іх вялікую запаведзь? Але Езус адказаў без ваганняў: “Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душой тваёй, і ўсім розумам тваім”. Затым ён дадаў: “Любі бліжняга твайго, як самога сябе” (Мц 22, 37.39).

Гэты адказ Езуса не з’яўляецца відавочным, таму што сярод многіх прадпісанняў габрэйскага закона найбольш важнымі былі дзесяць запаведзяў, перададзеных непасрэдна Богам Майсею, як запавет з людзьмі. Але Езус дае зразумець, што без любові да Бога і бліжняга няма сапраўднай вернасці запавету з Панам. Ты можаш зрабіць шмат добрых рэчаў, захоўваць шмат запаведзяў, але калі ты не любіш, гэта ўсё надарэмна.

Гэта пацвярджаецца яшчэ адным тэкстам кнігі Зыходу, які завецца “Кодэксам запавету”, і які кажа, што не можна заставацца верным запавету з Панам і адначасова здзеквацца над тымі, хто спадзяецца на Яго абарону. А хто гэтыя людзі? Біблія кажа: удава, сірата, іншаземец, мігрант, гэта значыць тыя, хто самы самотны і бездапаможны (пар. Зых 22, 20-21). 

Адказваючы фарысеям, якія ставяць пытанне, Езус спрабуе дапамагчы ім у прывядзенні ў парадак іх рэлігійнасці, каб памяталі, што сапраўды важна, а што менш важна. Ён кажа: “На гэтых дзвюх запаведзях грунтуецца ўвесь Закон і Прарокі” (Мц 22, 40). Яны з’яўляюцца найбольш важнымі, а іншыя залежаць ад гэтых двух. І Езус менавіта такім чынам вёў сваё жыццё: абвяшчаючы і рэалізуючы тое, што сапраўды мае значэнне і важнае – любоў. Любоў дае жыццю і шляху веры дынамічнасць і плённасць: без любові жыццё і вера застаюцца бясплённымі.

Тое, што Езус прапануе на гэтай евангельскай старонцы з’ўляецца вялікім ідэалам, які адпавядае самым сапраўдным жаданням нашага сэрца. Сапраўды, мы былі створаны, каб любіць і быць любімымі. Бог, які ёсць Любоў, стварыў нас, каб зрабіць удзельнікамі свайго жыцця, каб мы былі любімымі праз Яго, і каб мы любілі Яго, а таксама, каб з Ім мы любілі ўсіх іншых людзей. Гэта “мара” Бога адносна чалавека. Для дасягнення гэтай мэты мы маем патрэбу ў Яго ласцы, мы павінны прыняць у сабе здольнасць любіць, што зыходзіць ад самога Бога. Вось чаму Езус дае нам сябе ў Эўхарыстыі. У ёй мы атрымліваем яго Цела і Кроў, атрымліваем Езуса ў самым цудоўным выразе Яго любові, калі ахвяраваў сябе Айцу для нашага збаўлення.

Няхай Найсвяцейшая Дзева дапаможа нам прыняць у нашым жыцці “вялікую запаведзь” любові Бога і бліжняга. На самой справе, нават калі мы ведаем яе з дзяцінства, ніколі не перастанем навяртацца да яе і ажыццяўляць яе ў розных сітуацыях, якія нас напаткаюць”, - сказаў Папа.

Пасля марыйнай малітвы Францішак нагадаў, што 28 кастрычніка ў Бразіліі быў абвешчаны благаслаўлёным айцец Джавані Ск’ява. Італьянец, народжаны на ўзгорках Вічэнца, у пачатку ХХ стагоддзя як малады святар паехаў у Бразілію, дзе старанна працаваў, служачы Божаму народу. Папа пажадаў браць з новага благаслаўлёнага прыклад поўнай паслухмянасці Хрысту.








All the contents on this site are copyrighted ©.