2017-10-30 10:55:00

ААН, НАТА, ЗША і Расія на ватыканскім антыядзерным саміце


10 і 11 лістапада 2017 г. у Ватыкане па ініцыятыве Францішка будзе праходзіць саміт па ядзерным раззбраенні. У форуме прымуць удзел прадстаўнікі ААН і НАТА, а таксама зацікаўленых бакоў паўночнакарэйскага крызісу: ЗША, Паўднёвай Карэі і Расіі. Да ўдзелу запрошаны ўсе краіны, якія падпісалі Дамову ААН аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі. Арганізатары спадзяюцца на прысутнасць прадстаўнікоў усіх краін, якія валодаюць ядзернымі арсеналам. Форум адкрые папа Францішак.

У Ватыкан прыедуць таксама лаўрэаты Нобелеўскай прэміі міру, у тым ліку і сёлетні – Міжнародная кампанія за адмену ядзернай зброі (ICAN). Апостальскую Сталіцу будуць прадстаўляць Дзяржаўны сакратар Яго Святасці, кардынал Пьетра Паралін і прэфект Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, кардынал Пітэр Тарксан.

Арцыбіскуп Сільвана Тамазі, папскі дэлегат па справах ядзернага раззбраення, патлумачыў італьянскай „La Repubblica”, што “падрыхтоўка да гэтай ініцыятывы пачалася далёка перад паведамленнем аб ёй у загалоўках газет, бо ясна, што сёння мы сутыкнуліся з рэальнай пагрозай прымянення атамнай бомбы выпадкова, з прычыны прыняцця свядомага рашэння або таму, што асобы, якія сядзяць у камандным пункце псіхічна неўраўнаважаныя”. Ватыканскі іерарх падкрэсліў аб неабходнасці намаганняў, каб “бяспека гарантавалася не зброяй масавага знішчэння, але тым фактам, што ніхто не зможа яе выкарыстаць”.








All the contents on this site are copyrighted ©.