2017-10-31 14:51:00

Завяршыўся сумесны ўспамін 500-годдзя Рэфармацыі


Пераадоленне забабонаў, умацаванне ўзаемнага паразумення, імкненне да важных тэалагічных пагадненняў – вынікі экамуменічнага шляху, які католікі і лютэране прайшлі за апошнія 50 гадоў. Аб гэтым гаворыцца ў супольным паведамленні Сусветнай лютэранскай федэрацыі і Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству. 

Дакумент быў апублікаваны 31 кастрычніка 2017 г. – у апошні дзень сумеснага ўспаміну 500-годдзя Рэфармацыі. У ім пералічваюцца плёны гэтага году, першым з якіх з’яўляецца просьба аб прабачэнні за правіны, за раненне Цела Пана і ўзаемныя крыўды, нанесеныя на працягу апошняй пяцівекавой гісторыі.

Сярод значных падзей успаміну 500-годдзя Рэфармацыі ўзгадваецца каталіцка-лютэранская малітва, якая адбылася 31 кастрычніка 2016 г. у шведскім горадзе Лунд пры ўдзеле папы Францішка і епіскапа Муніба Юнана, тагачаснага кіраўніка Сусветнай лютэранскай федэрацыі. 

У рамках гэтай сустрэчы была падпісана сумесная каталіцка-лютэранская дэкларацыя, у якой бакі абавязаліся працягваць разам крочыць па экуменічным шляху да поўнага адзінства, аб чым маліўся Хрыстус, а таксама пагадненне аб супрацоўніцтве у сацыяльнай сферы паміж “Caritas Internationalis” і Сусветным служэннем Сусветнай лютэранскай федэрацыі. 

На працягу гэтага году “католікі і лютэране ўпершыню ўбачылі Рэфармацыю з экуменічнай перспектывы”, што зрабіла магчымым “новае разуменне падзей ХVI стагоддзя, якія прывялі да нашага падзелу”, гаворыцца ў паведамленні. Бакі выказалі жаданне працягваць разважаць над супольным разуменнем Царквы, Эўхарыстыі і служэння, з усведамленнем, што іх аб’ядноўвае больш, чым дзеліць.








All the contents on this site are copyrighted ©.