2017-10-31 13:24:00

Папа: для пашырэння Божага Валадарства патрэбна адвага


Для пашырэння Божага Валадарства патрэбна адвага. Трэба сеяць і замешваць закваску, а не аддаваць перавагу такому душпастырству, якое нічога не змяняе. Такія думкі агучыў Францішак 31 кастрычніка 2017 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. 

Спасылаючыся на літургічны евангельскі ўрывак (Лк 13,18-21), у якім Хрыстус параўноўвае Божае Валадарства з гарчычным зернем і закваскай, ён сцвердзіў, што абодва гэтыя элементы з’яўляючыся малымі, маюць унутраную сілу, якая дае рост. Падобна і Валадарства Божае – яго сіла паходзіць знутры.

Папа нагадаў словы з Паслання да Рымлянаў (Рым 8, 18-25), дзе апостал Павел кажа пра напружанасць паміж пакутамі і хвалой у жыцці. У гэтай напружанасці прысутнічае гарачае жаданне велічнага аб’яўлення Божага Валадарства, што датычыць і нас, і ўсяго стварэння. “Менавіта надзея вядзе нас да паўнаты, надзея на выйсце з гэтай няволі, з гэтай абмежаванасці, гэтага рабства, гэтай сапсутасці, у напрамку дасягнення хвалы. Вось шлях надзеі. А надзея – дар Духа. Менавіта Святы Дух, Які ёсць у нас, вядзе да гэтага: да велічнай, вызваляючай, вялікай хвалы”, - сцвердзіў Папа.

Пантыфік заклікаў жыць надзеяй, што значыць дазволіць, каб сіла Святога Духа дапамагла расці да паўнаты, якая чакае нас у хвале. Але як закваска павінна быць замешана ў цесце, а зерне кінута ў глебу, так і ў выпадку Божага Валадарства трэба памятаць, што яно расце знутры супольнасці; і гэта робіць любога роду празелітызм непатрэбным. 

Папа нагадаў, што Касцёл мае адвагу кідаць зерне, але былі і такія часы, калі ён баяўся гэта рабіць. “Часта мы бачым, што аддаецца перавага душпастырству, якое кансервуе, а не дае росту Божаму Валадарству”, - сказаў ён і дадаў, што пашырэнне Валадарства патрабуе адвагі, пераадолення страху перад тым, каб “забрудзіць рукі” ці згубіць штосьці. Падобны страх ператварае хрысціян проста ў “музейных захавальнікаў”.

Францішак заклікаў вернікаў з надзяей кідаць зерне і замешваць закваску, бо менавіта ў надзеі прысутнічае Святы Дух, што пашырае Божае Валадарства.








All the contents on this site are copyrighted ©.