2017-10-31 11:17:00

Святы Айцец: ядзерная зброя – самагубства для чалавецтва


Францішак наведаў 30 кастрычніка 2017 г. Дыкастэрыю па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, створаную ў жніўні 2016 г. Па словах яе падсакратара Фламініі Джаванэлі, Папа сказаў, што выкарыстанне ядзернай зброі было б раўназначна самагубству чалавецтва.

Дыкастэрыя з’яўляецца адным з арганізатараў міжнароднай канферэнцыі па ядзерным раззбраенні, якая будзе праходзіць у Ватыкане 10 і 11 лістапада 2017 г. Як паведаміла падсакратар, падчас свайго візіту “Папа ў чарговы раз закрануў, як, зрэшты, звычайна робіць, пытанне гандлю зброяй. Паўтарыў словы, якія асуджаюць такога роду гандаль, што спрыяе і падтрымлівае агмені канфлікту... А згадваючы ядзерную зброю, якая ўяўляе сабой пагрозу на працягу многіх дзесяцігоддзяў, але ніколі настолькі рэальна, як цяпер, казаў менавіта пра “самагубства чалавецтва”, пра гэту рызыку. Ён ужыў вельмі цвёрдыя словы”, - прызналася падсакратар Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека.

30 кастрычніка Папа таксама наведаў іншую, таксама створаную ў 2016 г., Дыкастэрыяю па справах свецкіх, сям’і і жыцця.

10 і 11 лістапада 2017 г. па ініцыятыве папы Францішка адбудзецца ватыканская сустрэча, на якой абмяркуюць перспектывы бяз’ядзернага свету. На ёй чакаюцца прадстаўнікі ААН і НАТА, ЗША, Паўднёвай Карэі і Расіі, а таксама краін, якія валодаюць ядзерным арсеналам.








All the contents on this site are copyrighted ©.