2017-11-02 17:39:00

Папскія ўніверсітэты створаць сетку для адукацыі мігрантаў


З 1 па 4 лістапада 2017 г. у Рыме праходзіць канферэнцыя “Бежанцы і мігранты ў глабальным свеце – адказнасць і адказ універсітэтаў”. Яе прымае Папскі грыгарыянскі ўніверсітэт у Рыме. Галоўная мэта – лепш зразумець маштабы і рэаліі сітуацыі бежанцаў і мігрантаў у свеце і распрацаваць адукацыйныя рашэнні для дапамогі не толькі гэтай катэгорыі людзей, але і грамадству ў разуменні феномену міграцыі. Святы Айцец прыме ўдзельнікаў форуму на прыватнай аўдыенцыі ў Ватыкане ў суботу, 4 лістапада.

“Канферэнцыя паказвае вышэйшыя навучальныя ўстановы ў дзеянні, арыентаваным на важнае пытанне не толькі для адукацыі, але і на глабальную праблему, важную для чалавецтва”, - сказаў айцец Пэдра Рубэнс, які ўзначальвае Міжнародную федэрацыю каталіцкіх універсітэтаў. Ён паведаміў, што на сустрэчы будуць прысутнічаць прадстаўнікі Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў.

Гэта важны форум для тых, хто хоча актыўна ўдзельнічаць у дзейнасці ў галіне адукацыі мігрантаў і бежанцаў. “У ім возьмуць удзел універсітэты і ўстановы, для якіх адукацыя бежанцаў і мігрантаў не з’яўляецца невыканальнай місіяй. Каб аб’яднаць інстытуты, якія хацелі б ажыццяўляць праекты, звязаныя з адукацыяй узгаданага асяроддзя, у апошні дзень канферэнцыі будзе створана сетка Міжнародных ініцыятыў па пытаннях адукацыі мігрантаў і бежанцаў. Гэта будзе прастора, у якой універсітэты і інстытуты з усяго свету змогуць працаваць разам. 

Аб уступленні ў “IIMRE” – так будзе называцца адукацыйная сетка – ужо абвясцілі дванаццаць устаноў з усяго свету, між іншым, Каталіцкія ўніверсітэты у Атаве і ў Марсэлі, “Keystone College” у ЗША. Цэнтральную і Усходнюю Еўропу сярод заснавальнікаў сеткі будзе прадстаўляць Папскі ўніверсітэт Яна Паўла II у Кракаве. З цягам часу да іх далучацца іншыя.

Арганізатары падкрэслілі, што суботняя папская аўдыенцыя з’яўляецца адмысловая падзеяй, паколькі не часта Святы Айцец прымае ўдзельнікаў навуковых канферэнцый. На іх думку, гэта адбываецца таму, што тэма форуму асабліва блізкая Францішку, паколькі права на адукацыю з’яўляецца адным з неад’емных правоў чалавека, асабліва ў кантэксце людзей, якія былі вымушаны бегчы са сваёй радзімы.








All the contents on this site are copyrighted ©.