2017-11-03 13:53:00

Ватыкан: дыскусія аб уплыве экалогіі на здароўе


Здароўе людзей і планеты, адказнасць за кліматычныя змены – цэнтральныя тэмы навуковай канферэнцыі, якая 2-4 лістапада 2017 г. праходзіць у Папскай акадэміі навук. Удзел у ватыканскім форуме прымаюць каля 40 экспертаў, навукоўцаў, тэолагаў, юрыстаў і палітыкаў з розных кантынентаў.

“Мы жывём у “антрапалагічную” эпоху, таму што дзейнасць чалавека, якая заўсёды ўплывала на клімат, у нашыя дні ўпершыню вызначае яго ў негатыўным сэнсе, выклікаючы глабальнае пацяпленне”, - нагадаў Ватыканскаму радыё біскуп Марсэла Санчэс Саронда, канцлер Папскай акадэміі навук і Папскай акадэміі сацыяльных навук. 

На думку іерарха, мер, зацверджаных падчас Парыжскай канферэнцыі па клімаце, недастаткова, а на сённяшні дзень у гэтай галіне “зроблена мала”. Пытанне клімату і экалогіі патрабуе палітычнага адказу, бо не ўсе краіны ўсведамляюць маштабы праблемы і ролю чалавечага фактару ў яе вырашэнні. Паводле біскупа, часта палітыкі прымаюць рашэнні толькі думаючы аб практычнай выгадзе, а не аб агульным дабры ўсіх жыхароў планеты. 

Паводле дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, па прычыне забруджвання наваколля, паветра і вады штогод памірае амаль 13 млн. чалавек. Прадстаўнікі арганізацыі, якія прымалі ўдзел у ватыканскім мерапрыемстве, казалі пра тое, што паменшыць гэтую лічбу магчыма, калі прыняць адпаведныя рашэнні ў вобласці энергетыкі, грамадскага транспарту, развіцця гарадоў, аднак хуткасць, з якой кіраўніцтвы дзяржаў рэагуюць на сітуацыю, на іх думку, пакідае жадаць лепшага.

Толькі калі людзі пачнуць глядзець на праблемы навакольнага асяроддзя, кліматычных змен і забруджвання паветра з пункту гледжання рызыкі для ўласнага здароўя, іх патрабавальнасць да палітыкаў узрасце. Таму навука павінна не проста збіраць і назапашваць веды, але і дзяліцца імі, дзеля вырашэння чалавецтва экалагічных праблем, адзначалі ўдзельнікі канферэнцыі.








All the contents on this site are copyrighted ©.