2017-11-03 13:02:00

Францішак маліўся за памерлых кардыналаў і біскупаў


Перад абліччам смерці будзем людзьмі надзеі, а не роспачы, заклікаў Святы Айцец падчас Эўхарыстыі, якую цэлебраваў 3 лістапада 2017 г. ў інтэнцыі памерлых на працягу бягучага году кардыналаў і біскупаў. Літургія прайшла ў ватыканскай базыліцы св. Пятра. У гаміліі Папа заўважыў, што еднасць з памерлымі гэта не проста жаданне, а рэальнасць.

Пантыфік падкрэсліў, што існуе “шлях жыцця”, які вядзе да еднасці з Богам, і “шлях смерці”, які аддаляе ад Яго. Іх скрыжаванне адбываецца ўжо ў гэтым свеце, а смерць робіць яго “канчатковым”. “Абуджэнне са смерці само па сабе не з’яўляецца вяртаннем да жыцця: некаторыя насамрэч абуджаюцца да вечнага жыцця, а іншыя – да вечнага сораму”, - сказаў Святы Айцец.

Папа ўзгадаў памерлых кардыналаў і біскупаў, як “братоў”, якія “пакінулі нас у перспектыве вечнасці пасля служэння Касцёлу і давераным ім народам”. Да ўдзячнасці ім далучаецца надзея, якая, паводле апостала Паўла, не расчаруе. “Так, яна не расчаруе!”, - падкрэсліў Папа і дадаў, што “Бог – верны, а наша надзея на Яго – не марная”. Больш за тое: яна мацней за “горыч разлукі з людзьмі, якія былі нам блізкімі і рабілі нам дабро”.

Францішак нагадаў, што нашу надзею ўмацоўвае Езус. Сваім Целам і Крывёй Ён “нясе ў сабе надзею на канчатковую перамогу дабра над злом, пакутамі і смерцю”. Таму хрысціяне павінны быць людзьмі надзеі, а не роспачы, а таксама з даверам ставіцца да смерці, якая дзякуючы Хрысту не мае “апошняга слова”, заклікаў Пантыфік. 

“Міласэрная любоў Нябеснага Айца перамяняе нас і дазваляе жыць вечнай еднасцю з Ім”, таму хрысціянін жыве з пачуццём “трапятлівага чакання” на канчатковую сустрэчу з Богам. Гэта “пільнае” чаканне “спрагнёнае па любові, прыгажосці, шчасці і мудрасці Бога”, - сказаў Папа на заканчэнне сваёй гаміліі.

З кастрычніка 2016 г. у вечнасць адышлі 14 кардыналаў і 137 біскупаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.