2017-11-08 11:55:00

Пантыфік пра важнасць літургічнай фармацыі вернікаў


Літургічная фармацыя вернікаў – неад’емная для сапраўднага абнаўлення Касцёла, падкрэсліў Францішак 8 лістапада 2017 г., падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра. Святы Айцец пачаў новы цыкл катэхез, прысвечаны самаму “сэрцу” Касцёла, якім з’яўляецца Эўхарыстыя. “Для нас хрысціян фундаментальна важна, добра разумець каштоўнасць і значэнне св. Імшы, каб заўсёды жыць поўнымі адносінамі з Богам”, - сказаў ён.

Пантыфік нагадаў, што падчас пераследу ў першыя стагоддзі гісторыі Касцёла, удзельнічаць у св. Імшы было небяспечна. Ён распавёў пра паўночнаафрыканскіх хрысціян, якія адказвалі сваім ганіцелям, што без Эўхарыстыі іх жыццё не ўяўляецца магчымым.

“Гэтых хрысціян з Паўночнай Афрыкі забівалі за цэлебрацыю Эўхарыстыі. Яны пакінулі сведчанне аб тым, што можна адмовіцца ад зямнога жыцця дзеля Эўхарыстыі, бо яна дае нам вечнае жыццё, дазваляючы ўдзельнічаць у перамозе Хрыста над смерцю. Гэта сведчанне ўсклікае да ўсіх нас і патрабуе адказу: што значыць для кожнага з нас удзельнічаць у ахвяры св. Імшы і прыступаць да Вячэры Пана. Ці шукаем мы гэту крыніцу, з “якой струменіцца жывая вада” для вечнага жыцця, якая робіць з нашага жыцця духоўную ахвяру праслаўлення і падзякі і чыніць з нас адно цела ў Хрысце? Гэта самы глыбокі сэнс святой Эўхарыстыі, якая азначае “падзяку”: падзяку Богу Айцу, Сыну і Святому Духу, Які нас уключае і перамяняе ў сваёй еднасці любові”, - сказаў Папа.

Францішак заўважыў, што падчас сваіх катэхез хоча даць адказы на некаторыя важныя пытанні аб Эўхарыстыі, растлумачыць, як праз гэту таямніцу веры ззяе Божая любоў. 

“Другі Ватыканскі Сабор быў моцна натхнёны жаданнем весці хрысціян да разумення велічы веры і прыгажосці сустрэчы з Хрыстом. Па гэтай прычыне было неабходна, перш за ўсё, здзейсніць, пад кіраўніцтвам Святога Духа, адпаведнае абнаўленне літургіі, бо Касцёл безупынна жыве ёй і абнаўляецца дзякуючы ёй. Цэнтральнай тэмай, якую падкрэслілі Айцы Сабору, з’яўляецца літургічная фармацыя вернікаў, неад’емная для сапраўднага абнаўлення. Менавіта ў гэтым мэта цыкла катэхез, які мы пачынаем сёння: ўзрастаць у знаёмстве з гэтым вялікім дарам, які мы атрымалі ад Бога ў Эўхарыстыі”, - адзначыў Пантыфік.

Папа нагадаў, што ў Эўхарыстыі Хрыстус становіцца прысутным у нашым жыцці, а ўдзельнічаць у св. Імшы – гэта значыць яшчэ раз перажыць муку і адкупленчую смерць Пана. Францішак прызнаўся, што яго вельмі засмучае, калі падчас св. Імшы бачыць узнятыя вернікамі або нават святарамі і біскупамі смартфоны. “Імша – гэта не шоў! Гэта выйсце насустрач муцы, уваскрасенню Пана (...) Калі ласка, ніякіх смартфонаў”, - падкрэсліў ён.

“Вельмі важна вярнуцца да фундаменту, нанова адкрыць тое, што важнае, праз тое, да чаго дакранаемся, і што бачым у цэлебрацыі Эўхарыстыі. Просьба святога апостала Тамаша аб тым, каб мець магчымасць убачыць і дакрануцца да ранаў ад цвікоў на целе Езуса, гэта жаданне мець магчымасць нейкім чынам “дакрануцца” да Бога, каб верыць у Яго. Просьба св. Тамаш да Пана – гэта тое, у чым мы ўсе маем патрэбу: бачыць і дакранацца да Яго, каб мець магчымасць Яго распазнаць. Сакрамэнты выходзяць насустрач гэтай чалавечай патрэбе. Сакрамэнты, і асаблівым чынам Эўхарыстычная цэлебрацыя, гэта знакі Божай любові, прывілеяваныя шляхі для нашай сустрэчы з Ім”, - сказаў Папа.

Францішак заўважыў, што праз свій цыкл катэхез жадае нанова разам з вернікамі раскарыць прыгажосць, заключаную ў Эўхарыстыі, пазнанне якой напаўняе поўным сэнсам жыццё кожнага верніка. 








All the contents on this site are copyrighted ©.