2017-11-08 16:08:00

Папа напісаў прадмову да кнігі пра апякунку эмігрантаў


Папа напісаў прадмову да новай біяграфіі св. Франчэскі Кабрыні аўтарства Лючэты Скарафіа. Яе тэкст змяшчае 8 лістапада 2017 г. італьянская „Corriere della Sera”. Апякунка эмігрантаў, народжаная ў Ламбардыі, стала першай грамадзянкай ЗША, кананізаванай Каталіцкім Касцёлам. 

Францішак нагадаў, што сам Леў XIII загадаў Кабрыні заняцца духоўнай апекай суайчыннікаў, якія эмігравалі ў Злучаныя Штаты. “Франчэска паслухалася і адкрыла перад сабой цэлы новы свет: свет сотняў тысяч людзей, якія шукаюць працы і хлеба здалёк ад сваёй зямлі, падвяргаючы сябе доўгаму і часта небяспечнаму падарожжу ў нязведаныя і непрыязныя землі. Яна зразумела, што гэта не часовая з’ява, а пачатак новай эры ў гісторыі, у якой сучасныя сродкі перамяшчэння прывядуць да руху велізарных мас людзей, змяняючы аблічча цэлых рэгіёнаў зямнога шара”, - напісаў Святы Айцец.

“Франчэска зразумела, - дадаў Папа - што новыя часы будзе характарызаваць велізарная міграцыя і людзі, якія адышлі ад сваіх каранёў, перажываюць крызіс ідэнтычнасці і адчай, пазбаўленыя сродкаў для адказу тым супольнасцям, сярод якіх павінны пасяліцца”. Святая ўсвядоміла, што не дастаткова дапамагчы мігрантам матэрыяльна, навучыць іх мове краіны паселішча, лячыць. Укараненне ў новай краіне азначала прыняцце яе правілаў і законаў, захаванне пачуцця ўласнай годнасці і глыбокая сувязь з сваімі рэлігійнымі каранямі – такія былі планы св. Франчэскі адносна кожнага з мігрантаў. Гэтыя мэты актуальныя і сёння, заўважыў Пантыфік у сваёй прадмове.

Папа лічыць, што пасланне св. Франчэскі Кабрыні і ў наш час з’яўляецца вельмі своечасовым; яна і сёння вучыць нас ісці шляхам, на якім трэба адказваць на выклік міграцыі спалучаючы любоў і справядлівасць.

Кніга “Паміж зямлёй і небам” (Tra terra e cielo) выйдзе ў Італіі 22 снежня 2017 г.








All the contents on this site are copyrighted ©.