2017-11-08 10:18:00

Святы Айцец сустрэўся з вялікім імамам “Аль-Азхар”


Папа прыняў 7 лістапада 2017 г. у Ватыкане вялікага імама ісламскага ўніверсітэта “Аль-Азхар” у Каіры Ахмеда аль-Таеба, паведаміла Зала Друку Святога Пасаду. Гэта трэцяя сустрэча Францішка з кіраўніком аднаго з найбольш важных інстытутаў суніцкага ісламу. Суніты складаюць большасць у мусульманскім свеце. 

Святы Пасад даўно вядзе дыялог з мусульманскімі інтэлектуаламі, але ў 2011 г. ён быў прыпынены па ініцыятыве “Аль-Азхар”. Універсітэт інтэрпрэтаваў як удар па ісламу заявы Бэнэдыкта XVI. Яны былі адноўленыя ў 2016 г., незадоўга да візіту папы Францішка ў Егіпет 28-29 красавіка 2017 г. Па запрашэнні Ахмеда аль-Таеба, у Каіры Пантыфік узяў удзел у Міжнароднай мірнай канферэнцыі, якую праводзіў “Аль-Азхар”. На ёй Францішак адзначыў важнасць міжрэлігійнага дыялогу, якому павінны спадарожнічаць захаванне ўласнай тоеснасці, адкрытасць на іншых і шчырасць інтэнцый. Ён заклікаў рэлігійных лідэраў да супольнага сцвярджэння таго, што насілле і вера – несумяшчальныя, кожнае чалавечае жыццё – святое, а ўзрастанне ў любові да Бога вядзе да ўзрастання ў любові да бліжняга.

“Аль-Азхар” – гэта адзін са старэйшых універсітэтаў і самых прэстыжных мусульманскіх вышэйшых навучальных устаноў у свеце. Ён быў заснаваны ў 988 г.








All the contents on this site are copyrighted ©.