2017-11-08 13:18:00

Святы Пасад: мір не з’яўляецца ні сном, ні ўтопіяй


Прадстаўнік Святога Пасаду 7 лістапада 2017 г. выступіў на Міжнароднай канферэнцыі пра ролю рэлігіі ва ўмацаванні глабальнага міру, якая прайшла ў Жэневе. Мір не з’яўляецца ні сном, ні ўтопіяй – ён магчымы, падкрэсліў арцыбіскуп Іван Юркавіч.

Ён заўважыў, што сёння тэхналогія вайны становіцца больш вытанчанай: пастаянна вырабляюцца новыя віды зброі, якія ігнаруюць чалавечую прысутнасць і любую этычную адказнасць. Сярод асноўных прычын насілля ў наш час: тэрарызм, пірацтва, канфлікты за кантроль над мінеральнымі рэсурсамі, фундаменталізм, а таксама нерэгуляваны фінансавы капіталізм, канкурэнцыя за ўладу і надмерная прага прыбытку, заўважыў пастаянны прадстаўнік Святога Пасаду пры ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе.

Сёння 90% ахвяр узброеных канфліктаў складаюць грамадзянскія асобы, заўважыў ён. Мір – гэта не проста адсутнасць вайны, але вынік працэсу культурнага, маральнага і духоўнага ачышчэння і развіцця кожнага чалавека і кожнага народу. Евангелле называе шчаслівымі міратворцаў, а хрысціяне лічаць мір месіянскім дарам і плёнам чалавечых намаганняў праз ісціну, свабоду, любоў і справядлівасць.

Свет сапраўды хоча міру, падкрэсліў арцыбіскуп Юркавіч, і нагадаў, што ў апошнія гады з боку ўрадаў, Цэркваў і рэлігійных супольнасцяў гучыць шмат заклікаў да спынення ўсіх гвалтоўных канфліктаў. Права народаў на мір таксама было прадметам рэзалюцый і заклікаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Па-ранейшаму неабходна сур’ёзна дзейнічаць у галіне ядзернага і звычайнага раззбраення. І тут, на думку Святога Пасаду, вельмі важна мець моцнае пачуццё глабальнай салідарнасці паміж багатымі і беднымі краінамі, кіруючыся агульным этычным кодэксам.

Ватыканскі дыпламат шырока працытаваў папу Францішка, які ў сваім пасланні на Сусветны дзень міру ў 2014 г. нагадаў, што толькі “сапраўдным духам братэрства” можна пераадолець “індывідуалістычны эгаізм”, які не дазваляе людзям жыць разам гарманічна і свабодна. 

Прадстаўнік Святога Пасаду заклікаў падтрымліваць братэрскія адносіны, у тым ліку і праз служэнне найбольш пакрыўджаным і маргіналізаваным. Менавіта на аснове братэрства будуецца мір, падкрэсліў арцыбіскуп Іван Юркавіч.








All the contents on this site are copyrighted ©.