2017-11-09 15:25:00

Францішак заклікаў украінскіх вернікаў да будаўніцтва міру


“Запрашаю вас да вывучэння сацыяльнага вучэння Каталіцкага Касцёла, каб узрастаць у разважлівасці і разуменні сацыяльнай рэчаіснасці, у якой будзеце пакліканы працаваць”, - звярнуўся Папа 9 лістапада 2017 г. да студэнтаў Папскага ўкраінскага калегіума св. Язафата Кунцэвіча ў Рыме, якіх прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане з нагоды 85-годдзя заснавання гэтай структуры па ініцыятыве Пія XI.

У перыяд свайго пантыфікату папа Пій XI выкрываў атэістычныя і негуманныя ідэалогіі свайго часу, заклікаў да абароны веры, свабоды Касцёла і перавагі чалавечай годнасці, нагадаў Францішак. Аднак войны і насілле раняць і сучасны свет, працягнуў ён, узгадаўшы няпростую палітычную сітуацыю ва Украіне, дзе працягваюцца ваенныя дзеянні і “застаецца моцным жаданне справядлівасці і міру, якія б забаранілі любую форму хабарніцтва, сацыяльнай ці палітычнай карупцыі, рэчаіснасці, за якую расплачваюцца заўсёды бедныя”.

“Вам, семінарысты і святары Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы, гэтыя выклікі могуць падавацца непад’ёмнымі; давайце, аднак, памятаць, словы святога апостала Яна: ‘Пішу вам, юнакі, бо вы перамаглі злога (...) і слова Божае жыве ў вас’ (1 Ян 2, 13-14). Калі будзеце любіць і прапаведваць Божае Слова, станеце сапраўднымі пастырамі даручаных вам супольнасцей, а Слова гэтае будзе лямпай, што асвячае вашыя сэрцы і вашыя дамы”, - запэўніў Папа.

Пантыфік заклікаў украінскіх вернікаў “любіць і захоўваць свае традыцыі, пазбягаючы, аднак, фракцыйнасці”, абараняць на радзіме і за мяжой “мару аб саюзе Бога з чалавецтвам”, масты, якія б мірылі неба з зямлёй” і прымушалі людзей “вучыцца ўзаемнай любові і павазе, адкінуўшы зброю, войны і любую форму насілля”.

Пантыфік выказаў перакананне, што выконваць гэтую місію ў духу экуменізму дапаможа Найсвяцейшая Панна Марыя, якую ўкраінскія вернікі асаблівым чынам ушаноўваюць у нацыянальным санктуарыі ў Зарваніцы і невялічкі абраз якой захоўвае ён сам, скіроўваючы да Яе штодня свае малітвы.








All the contents on this site are copyrighted ©.