2017-11-10 14:31:00

Папа нагадаў пра важнасць хрысціянскай кемлівасці


Аб існуючай у свеце карупцыі і супрацьлеглай ёй хрысціянскай кемлівасці казаў Францішак 10 лістапада 2017 г., падчас ранішняй Эўхарыстыі ў ватыканскім Доме св. Марты. У гаміліі ён спаслаўся на евангельскае апавяданне пра эканома, які растраціў маёмасць свайго гаспадара і, пасля таго як быў пазбаўлены пасады, замест таго, каб выправіцца, працягнуў сваю несумленную дзейнасць (Лк 16,1-8).

Па словах Папы, падобныя гісторыі здараюцца таксама і ў нашыя дні. Асобы, як гэты эканом, нярэдка з’яўляюцца ўплывовымі людзьмі. Яны плятуць павуцінне карупцыі, даходзячы нават да мафіёзнай дзейнасці. Нярэдка яны займаюць пасады, звязаныя з кіраваннем агульнай маёмасцю. “З уласнай маёмасцю ніхто не карумпаваны, ён яе аберагае”, - дадаў Папа. 

Праз гэты евангельскі ўрывак Езус жадае нам паказаць, што “сыны гэтага свету” хітрэйшыя за “сыноў святла”, лічыць Пантыфік. Яны дзейнічаюць хітра, але вельмі ветліва, “у белых пальчатках”. Цалкам супрацьлеглай такому стаўленню з’яўляецца “хрысціянская кемлівасць”. Яна заключаецца ў тым, каб мець асаблівы “нюх”, што дазваляе не паддацца карупцыі.

У апошняй частцы сваёй гаміліі Святы Айцец даў вернікам некалькі парадаў, якія дазволяць не трапіць у путы гэтай заганы. У першую чаргу, хрысціяне павінны мець “святы давер”, але быць пільнымі ў адносінах да людзей, якія прапануюць зашмат выгодаў. Па-другое, важна быць разважлівымі, перад абліччам спакусаў д’ябла, які ведае нашыя слабасці. Па-трэцяе, неабходнай з’яўляецца малітва.

“Папросім сёння ў Пана, каб даў нам ласку быць кемлівымі”, - заклікаў Папа і падкрэсліў, што вучні Хрыста не павінны быць занадта наіўнымі, бо так могуць згубіць той вялікі скарб, які маюць у сваім сэрцы – Святога Духа. Францішак заклікаў таксама маліцца за карумпаваных людзей, каб яны знайшлі выйсце з путаў няволі, у якія дабраахвотна пажадалі патрапіць.








All the contents on this site are copyrighted ©.