cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Пантыфік \ Сустрэчы і падзеі

Нунцый: я абмяркоўваў з Папам яго візіт у Беларусь

Нунцый: я абмяркоўваў з Папам яго візіт у Беларусь - RV

11/11/2017 13:59

11 лістапада 2017 г. адзначаецца 25-годдзе з дня ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Святым Пасадам і Рэспублікай Беларусь. Сярод перспектыўных задач у гэтай сферы – вырашэнне некаторых практычных пытанняў, што неабходна для добрага функцыянавання Касцёла, паведаміў арцыбіскуп Габар Пінтэр, Апостальскі нунцый у Беларусі. 

У каментары для Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё папскі дыпламат заўважыў, што адным з галоўных дасягненняў у адносінах паміж Касцёлам і дзяржавай за апошнюю чвэрць стагоддзя з’яўляецца існаванне рэлігійнай свабоды. Менавіта гэты факт паспрыяў “выдатным адносінам” паміж Апостальскай Сталіцай і Беларуссю, хоць, паводле іерарха, застаюцца таксама пытанні, якія патрабуюць сумеснага пошуку рашэнняў.

“Канечне, я не хачу ідэалізаваць сітуацыю. Мы не павінны думаць, што ўсё дасканала. Але ў нас ёсць жаданне мець добрыя адносіны. І на самым высокім узроўні паміж Святым Пасадам і беларускай дзяржавай гэта адбываецца. Ёсць добрая воля з абодвух бакоў. Тым не менш, працуючы ўжо больш за год у Мінску, я бачу наяўнасць пытанняў, якія яшчэ патрабуюць вырашэння, і мы працуем над гэтым. Жыццё, яно такое: мы заўсёды павінны вырашаць цяжкасці, але важна, што існуе добрая воля з абодвух бакоў і з ёй мы крочым наперад”, - сказаў іерарх.

10 лістапада 2017 г. арцыбіскуп Пінтэр быў прыняты на аўдыенцыі ў Ватыкане папам Францішкам. Падчас сустрэчы абмяркоўваліся розныя пытанні, у тым ліку магчымы візіт Пантыфіка ў Беларусь. 

“Магу пацвердзіць, што гаворка ішла таксама і пра гэта. Мы шмат працуем, каб візіт адбыўся. Хачу папрасіць усіх радыёслухачоў маліцца ў гэтай інтэнцыі, бо сітуацыя яшчэ не зусім ідэальная, але мы спадзяемся, што хутка гэты момант наступіць. Усе гэтага жадаюць, мы ўсе гэтага жадаем”, - дадаў ён.

Па словах арцыбіскупа Пінтэра, аўдыенцыя прайшла ў вельмі цёплай і станоўчай атмасферы. Пантыфік уразіў свайго дыпламатычнага прадстаўніка глыбокім веданнем сітуацыі ў Беларусі.

“Да майго вялікага захаплення, Папа вельмі добра паінфармаваны аб Беларусі. Канешне, я ведаў аб гэтым, бо ўжо ў мінулым годзе мы з ім размаўлялі, пасля майго прызначэння, і я меў магчымасць пераканацца, што ён добра разбіраецца. Але ў гэты раз ён мяне ўразіў тым, што яго веды вельмі падрабязныя і дэтальныя. Ён з вялікай увагай сочыць за падзеямі ў Беларусі”, - сказаў іерарх.

Урачыстае святкаванне 25-годдзя з дня ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Святы Пасадам і Беларуссю прайшло раней – 4 кастрычніка 2017 г. У гэты дзень у Мінску быў урачыста адкрыты новы будынак Апостальскай нунцыятуры. У цырымоніі прыняў удзел высокі прадстаўнік Пантыфіка, арцыбіскуп Анджэла Бэчу, субстытут Апостальскай Сталіцы. 


11/11/2017 13:59