2017-11-11 15:28:00

Папа: любоў сужонкаў – закваска культуры сустрэчы


Сям’я, якая нараджаецца на аснове сакрамэнта cужэнства, спараджае плённыя сувязі, што становяцца самым эфектыўным супрацьяддзем ад усеабдымнага індывідуалізму, адзначыў Папа ў відэапасланні да ўдзельнікаў міжнароднага сімпозіума, прысвечанага Апостальскай адгартацыі “Amoris laetitia”. Форум на тэму “Евангелле любові паміж сумленнем і законам” прайшоў 11 лістапада 2017 г. у Рыме па ініцыятыве Секцыі душпастырства сем’яў Канферэнцыі Біскупаў Італіі. 

“Любоў паміж мужчынам і жанчынай, відавочна, можна далучыць да аднаго з найбольш плённых перажыванняў чалавека. Гэта закваска культуры сустрэчы і яна робіць сучаснаму свету ін’екцыю сацыяльнасці. Сапраўды: “дабро сям’і вельмі важнае для будучыні свету і Касцёла”, - падкрэсліў Пантыфік.

Святы Айцец заўважыў, што “на шляху сужэнскай любові і сямейнага жыцця ўзнікаюць сітуацыі, якія патрабуюць цяжкіх рашэнняў і іх сумленнага выканання”. У сямейным жыцці часам узнікаюць канкрэтныя цяжкасці, да якіх трэба ставіцца з увагай. 

Важна, каб сужонкі і бацькі не заставаліся пакінутымі сам-насам са сваімі цяжкасцямі, але мелі падтрымку ў сваім імкненні вырашаць канкрэтныя жыццёвыя выпадкі згодна з Евангеллем. “З іншага боку, мы добра ведаем, што павінны фармаваць сумленне, а не прэтэндаваць на тое, каб падмяняць яго сабой”, - сказаў ён. 

Па словах Францішка, сучасны свет рызыкуе зблытаць першынства сумлення, якое заўсёды павінна паважацца, з выключнай аўтаноміяй асобы ў адносінах да сувязяў, у якіх яна жыве. Папа нагадаў пра існаванне паняцця “эгалатрыі” – культ уласнага “я”, у ахвяру якому прыносіцца ўсё, у тымі ліку самыя моцныя повязі.

“Гэтая перспектыва не бясшкодная: яна фарміруе тып асобы, які няспынна ўзіраецца ў люстэрка, аж да няздольнасці перасунуць позірк на іншых людзей і на свет. Распаўсюджванне такога стаўлення мае сур’ёзнейшыя наступствы для ўсіх повязяў і адносін ў жыцці. Гэта “забруджванне” разбэшчвае душы, уводзіць у зман розумы і сэрцы, спараджаючы падманлівыя ілюзіі”, - сказаў ён.

Пантыфік нагадаў, што сумленне – гэта месца, дзе чалавек застаецца сам-насам з Богам. “Хрысціянін павінен чуваць, каб гэты адмысловы табернакулюм не быщ пазбаўлены Божай ласкі, якая б асвятляла і ўмацоўвала любоў сужонкаў і місію бацькоў”, - сказаў ён і дадаў, што ласка напаўняе “збаны” чалавечых сэрцаў незвычайнай здольнасцю да дару, аднаўляючы для сучасных сем’яў цуд, учынены Езусам у Кане Галілейскай. 

Па словах Пантыфіка, ператварыўшы ваду ў віно, Езус трасфармаваў закон Майсея ў Евангелле, крыніцу радасці. “Езус асаблівым чынам указвае на міласэрнасць як на сродак, які вылечвае зацвярдзеласць сэрца, абнаўляючы стасункі паміж мужам і жонкай і паміж бацькамі і дзецьмі”, - сказаў Святы Айцец.  








All the contents on this site are copyrighted ©.