2017-11-15 12:07:00

Падораны Папу “Lamborghini” паслужыць дабрачыннасці


Пантыфіку падарылі “Lamborghini” мадэлі “Huracan”. Гэта ўнікальная версія, якая існуе ў адзіным экзэмпляры. Аўтамабіль перадалі Францішку 15 лістапада 2017 г. у прысутнасці кіраўніцтва аўтавытворцы. Ён не застанецца ў Ватыкане, а будзе прададзены на аўкцыёне “Сотбіс”. Даход прызначаць на тры дабрачынных праекты.

Гаворка ідзе пра адбудову дамоў, грамадскіх памяшканняў і храмаў у іракскай Нінэвіі, каб забяспечыць вяртанне туды мясцовых хрысціян, якія былі вымушаны бегчы і ўжо тры гады знаходзяцца ў іракскім Курдыстане. Таксама грошы пойдуць на адтрымку жанчын, якія сталі ахвярамі гандлю людзьмі і прастытуцыі, у рамках праекту “Дом папы Францішка” (Casa Papa Francesco). Фінансавую дапамогу атрымаюць і дзве італьянскія асацыяцыі, якія працуюць у Афрыцы ў рамках праектаў, прысвечаных жанчынам і дзецям.

Францішак не ўпершыню практыкуе такі спосаб дабрачыннасці. Падораны яму летам 2013 г. у гонар 110-годдзя прадпрыемства “Harley-Davidson” аднайменны матацыкл быў прададзены на аўкцыёне, а атрыманыя амаль 250 тыс. еўра перададзены рымскай “Caritas”.








All the contents on this site are copyrighted ©.